Памёр беларускі журналіст і сынхраніст Генадзь Кесьнер, які перакладаў Ангелу Мэркель

Генадзь Кесьнер, фота Беларускай асацыяцыі журналістаў

У Менску на 51-м годзе жыцьця пасьля цяжкай хваробы памёр сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў, вядомы беларускі журналіст Генадзь Кесьнер.

Пра сьмерць Генадзя Кесьнера паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Генадзь Кесьнер некалькі апошніх год лекаваўся ад анкалягічнага захворваньня, а памёр пасьля ініфікаваньня каранавірусам. Сёлета ён адзначыў 50-гадовы юбілей.

Быў адным зь першапраходцаў незалежнай радыёжурналістыкі ў Беларусі: на пачатку 1990-х працаваў у рэдакцыі «Беларуская маладзёжная», пазьней на «Радыё 101,2». Пазьней супрацоўнічаў з «Радыё Рацыя», нямецкамоўнымі мэдыя, у прыватнасьці з радыёстанцыяй Deutsche Welle. Да разьвіцьця хваробы супрацоўнічаў з газэтай «Новы Час», быў ляўрэатам журналісцкіх конкурсаў і ўзнагарод.

Быў адным з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ляўрэат журналісцкага конкурсу «Вольнае слова» і ўзнагарод за адданасьць прафэсіі.

Генадзь Кесьнер — выпускнік Менскага інстытуту замежных моваў. Па адукацыі перакладчык зь нямецкай мовы, сынхраніст, у прыватнасьці сынхронна перакладаў на расейскую мову канцлерку Нямеччыну Ангелу Мэркель.

Блізка сябраваў з памерлым ад анкалягічнага захворваньня заснавальнікам фонду «Децям Чарнобыля» Генадзем Грушавым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці» да «перашкоды радыёсувязі міліцыі». Як закрывалі непаслухмяныя радыёстанцыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЯШЧЭ АДНОЙ АХВЯРАЙ НЕВЯДОМЫХ СТАЎ ЖУРНАЛІСТ ГЕНАДЗЬ КЕСЬНЕР