Выступаючы на брыфінгу ў сталіцы Латвіі, Блінкен адзначыў, што «у сьвятле дэстабілізуючых дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі Паўночнаатлянтычная рада прыпыніла супрацоўніцтва з Беларусьсю. Злучаныя Штаты рыхтуюць дадатковыя санкцыі ў цесным супрацоўніцтве з Эўрапейскім зьвязам і іншымі партнэрамі і саюзьнікамі».
«Мы заклікаем рэжым неадкладна спыніць выкарыстаньне мігрантаў у якасьці палітычнай зброі. Мы будзем патрабаваць ад рэжыму адказнасьці за яго грэбаваньне дэмакратыяй, правамі чалавека і вяршэнствам закона» — сказаў дзяржсакратар ЗША.
У інтэрвію LTV Блінкен пацьвердзіў сваю заяву, дадаўшы, што дадатковыя санкцыі будуць уведзеныя ня толькі з прычыны выкарыстаньня Лукашэнкам мігрантаў у якасьці палітычнай зброі, але і ў сувязі з "ушчамленьнем правоў беларускага народа".
Блінкен высока ацаніў падтрымку беларускай апазыцыі і дэмакратыі з боку Латвіі.