Мы паразмаўлялі з Паўлам Можарам і Аляксеем Палуянам, рэжысэрам фільму «Кураж», пра фэстываль, рэакцыю гледачоў і тое, чаму пра сытуацыю ў Беларусі важна пастаянна нагадваць.
Ідэя «Мэтадычкі» («The Handbook»), кажа Павал, нарадзілася пасьля таго, як ён прачытаў тры дзясяткі інтэрвію ўдзельнікаў падзей 9–12 жніўня 2020 году. І ўразіўся, якія яны падобныя.
«Я пачаў чытаць гэта больш сыстэматычна, прасіў матэрыялы ў праваабарончага цэнтру „Вясна“, таму што яны дакумэнтавалі ўсе гэтыя падзеі. І там было тое ж самае: арышт, аўтазак, нельга сядзець, толькі ляжаць, выкідаюць з аўтазака, ты праходзіш праз жывы калідор, цябе б’юць, на каленях у будынку, пазыцыя эмбрыёна, стаяць каля сьцяны, расьцяжка. Ты чытаеш і разумееш, што гэта не спантанная рэакцыя аднаго афіцэра АМАПу ці аднаго падразьдзяленьня, а гэта сапраўды сыстэматычна сплянаваная апэрацыя, ухваленая вышэйшым кіраўніцтвам краіны, па прыгнёце свайго народу, спробе гвалтоўнага перавыхаваньня сваіх грамадзян», — кажа рэжысэр Павал Можар.
Рэжысэр паставіў сабе пытаньне: можа, хтосьці напісаў такую мэтадычку, паводле якой навабранцы АМАПу вывучаюць, як ім дзейнічаць? Так і зьявілася назва фільму.
«У першыя дні быў шок ад гэтага гвалту, брутальнасьці. Мне здаецца, ніхто не чакаў, наколькі жорстка гэта ўсё будзе. Калі я адышоў, эмацыйна трошкі супакоіўся, зьявілася іншая страшная думка: гэта хтосьці сапраўды плянаваў. Вось вы, напрыклад, ходзіце на працу, я таксама, нехта яшчэ ходзіць, а тут людзі прыходзяць, сядаюць і думаюць: як жа мы будзем ставіцца да людзей так, каб іх псыхалягічна або эмацыйна зламаць, каб яны больш ніколі не захацелі выказаць сваё меркаваньне. І вось ад гэтай думкі шок быў нашмат глыбейшы».
«Усё цісьне ўдвая, бо гэта гісторыя пра тваю радзіму»
Павал кажа, што на пачатку стварэньня фільму, у верасьні мінулага году, адчуваў драйв і натхненьне ад ідэі. Але потым зрабілася эмацыйна складана.
«Да канца студзеня нам трэба было напісаць сцэнар, і тут я знайшоў каля 70 інтэрвію з пацярпелымі і падумаў, што я павінен іх усе прачытаць, бо я потым буду шкадаваць. Трэба было адсартаваць інтэрвію, знайсьці правільныя выказваньні і потым перакласьці гэта на нямецкую, каб можна было з камандай працаваць. Тады я на тыдзень зачыніўся дома і рэальна кожны дзень, з раніцы і да вечара чытаў аповеды і аналізаваў. Памятаю, я скончыў, выйшаў у горад прагуляцца і думаю: „Не, усё, годзе, трэба зрабіць паўзу, бо я цэлы тыдзень чытаю толькі пра сьцены ў крыві, зьбіцьцё, гісторыі згвалтаваньня, пераломы костак“. І ўсё цісьне ўдвая, бо гэта гісторыя пра тваю радзіму, у гэтых пратэстах былі мае сябры».
Павал прызнаецца, што адчувае палёгку, калі цяпер азіраецца на ўвесь працэс працы над фільмам.
«Фільм нарадзіўся, ён атрымаўся і цяпер выходзіць у сьвет, і я кажу яму: «Ідзі, гэта цяпер тваё жыцьцё, пакінь мяне ў спакоі, хай цябе там крытыкуюць, хваляць, глядзяць. Я цябе адпускаю, ідзі і шукай сваю публіку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Залатар выступіла з апошнім словам: «Маё сэрца рвецца на часткі, павялічваецца колькасьць болю і крыўдаў»
«Сыстэматычна сплянаваная апэрацыя па прыгнёце свайго народу»
Рэжысэр кажа, што ўдзел у фэстывалі IDFA важны, бо так пра сытуацыю ў Беларусі даведаецца болей людзей.
«Мы ня можам трапіць на тэлебачаньне з гэтым фільмам, але можам паказаць яго на фэстывалі, дзе фільм паглядзіць і абмяркуе публіка. У лепшым выпадку ён будзе яшчэ жыць за межамі кінатэатру, людзі будуць пра яго гаварыць, яго будуць куратары паказваць на нейкіх выставах або мерапрыемствах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зона — тая самая дзяржава». Палітвязень з анкалягічнай хваробай Аляксей Раманаў шчыра расказвае пра жыцьцё ў калёнііГэта важна, дадае Павал, бо за межамі Беларусі даволі мала людзей ведаюць пра тое, што адбываецца.
«Калі я чытаў нямецкія, эўрапейскія газэты пра нашы падзеі, там выкарыстоўвалася такая фармулёўка: „Паліцыя паводзіла сябе брутальна“. Але што гэта значыць? Паліцыя можа паводзіць сябе брутальна ў Францыі, Амэрыцы, Нямеччыне на сутыкненьнях, бо заўжды людзей бʼюць і ганяюць, лётаюць кактэйлі Молатава і камяні. Але тое, што адбылося ў Беларусі ў жніўні 2020 году — гэта не брутальнасьць паліцыі, а сыстэматычна сплянаваная апэрацыя па прыгнёце свайго ж народу, ухваленая вышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы. Гэта пасыл фільму, што ёсьць краіны, у якіх пішуцца такія вось „мэтадычкі“, каб навучаць па іх свой сілавы апарат. І гэта гісторыя ня толькі пра Беларусь, гэта гісторыя пра такі сыстэматычны гвалт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У іх твары нязломных людзей». У Варшаве прайшоў вечар салідарнасьці з анархістамі, якіх судзяць за «тэрарызм»Рэжысэр падкрэсьлівае, што такая ж сытуацыя можа здарыцца і ў іншых краінах.
«Напрыклад, Вугоршчына ці Польшча не пасылаюць нам нейкіх аптымістычных сыгналаў у пляне разьвіцьця дэмакратыі і прававых інстытутаў ці падзелу ўлады. Гэтая гісторыя адбываецца ня толькі ў Беларусі, а ўсюды. Мне важна, каб глядач за межамі Беларусі і Расеі гэта ўбачыў. Каб ён разумеў, што тут гаворка ідзе ня проста пра нейкую там брутальнасьць паліцыі, а пра сыстэму».
«Гэта пашырае твой уласны гарызонт»
«Калі я рыхтаваўся да фільму, прачытаў кніжку Пэтэра Вайса, — расказвае Павал. — Яна маленькая, але я яе пастаянна адкладаў, бо там сабраныя аповеды відавочцаў і ахвяр Галакосту, там дэталёва апісваецца, што лекары рабілі з маленькімі дзецьмі, як людзей заганялі ў камэры, зьбівалі. Вельмі цяжка, вельмі страшная кніга. І вось тады я зразумеў, што фільм павінен, наадварот, эмацыйна ня ціснуць на чалавека. Ён павінен быць халодны, спакойны, без намёкаў на кроў і жорсткасьць, бо інакш глядач закрыецца і яго можна страціць, ён выйдзе з кінатэатру і ня будзе пра гэта думаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Героі і ахвяры «плошчы Перамен»Павал прызнаецца, што ня можа пакуль сказаць, як адрэагавала публіка. Але адчувае сябе натхнёным праз удзел у IDFA.
«Гэта пашырае твой уласны гарызонт. Прыемна пасьля апошніх двух гадоў пандэміі сустрэць людзей з усяго сьвету і зразумець, наколькі маленькі сьвет і які ён розны. Гэта надало такіх эмацыйных сіл, адчуваньне, што ты не адзін. Было цікава сустрэць людзей з Ірану, Лацінскай Амэрыкі, Азіі, зь імі абмяняцца тым, што цябе трывожыць, пра што ты думаеш, і адчуць, што яны цябе разумеюць. Гэта плятформа з сурʼёзнай публікай, якая гатовая і хоча глядзець кіно, якое цябе бударажыць, прымушае думаць, паказвае табе новы сьвет, жыцьці людзей».
Пакуль Павал ня ведае, ці хоча ён цяпер здымаць нешта пратэставае. «Мэтадычка» будзе распаўсюджвацца далей, каб аб трагедыі, якая да гэтага часу працягваецца ў Беларусі, даведалася як мага болей людзей.
«У беларусаў ёсьць надзея, і ў вас усё можа атрымацца»
На IDFA прайшло некалькі паказаў фільму Courage Аляксея Палуяна. Рэжысэр таксама падзяліўся ўражаньнямі пра свой удзел у фэстывалі.
«Вельмі эмацыйна прайшоў першы паказ. Да мяне падышла кітаянка, журналістка, яна плакала і сказала: „Вялікі дзякуй за гэты фільм. Я так шкадую, што ў Кітаі не пакажуць яго, у нас такая падобная сытуацыя. Але ў беларусаў ёсьць надзея, і ў вас усё можа атрымацца, а ў нас надзеі няма. Мне так шкада“. Яна так плакала, я так хацеў яе падтрымаць, але калі ў чалавека цякуць сьлёзы, то нейкія асаблівыя межы ёсьць. Я бачыў, як немцы, галяндцы плачуць, але такога ня бачыў ніколі, гэта іншае. У першым выпадку людзі плачуць, бо расчуліліся, а кітаянка — бо жыве ў падобнай сытуацыі, у такой жа тыраніі, адкуль няма выйсьця».
Аляксей зьвярнуў увагу на пытаньне, якое яму чарговым разам задалі на абмеркаваньні фільму: чаму не паказваюцца кадры людзей з жорсткімі пабоямі?
«Па-першае, яны ёсьць у гэтым фільме, бачна і адчуваецца, што людзі выходзяць з Акрэсьціна псыхалягічна траўмаваныя. Паказваць сінякі не было мэтай фільму, бо мы ўсе гэта бачылі, і эўрапейцы гэта бачылі. Патрэбная дазіроўка, бо беларусы ўжо ня могуць глядзець на гэты гвалт. І нават пачалася дыскусія ў залі, маўляў, не, ня трэба паказваць, усё правільна. Я разумею, чаму беларусы так пытаюцца: яны баяцца, што эўрапейцы не зразумеюць, якая жэсьць у нас робіцца. Але кіно — гэта пра атмасфэру. Калі маці крычыць, не знайшоўшы свайго сына, дрыжыкі прабіраюць ад яе плачу, і гэтага дастаткова, каб зразумець, якая жэсьць адбывалася зь людзьмі».
27 лістапада пасьля паказу была вялікая размова ў знакамітым цэнтры De Balie, дзе сустракаюцца інтэлектуалы, якія дыскутуюць паміж сабой на важныя сацыяльна-грамадзкія тэмы. Дарэчы, квіткі на Courage былі раскупленыя за тры тыдні да паказу.
«IDFA задае тон тэмаў дакумэнтальнага кіно на наступны год, якія далей пачынаюць дыскутавацца. IDFA не баіцца палітычных тэмаў, не баіцца казаць, дзе рэальная Беларусь, дзе рэальная жэсьць. Таму гэта такі важны кінафэстываль. Гэта як Каны альбо Бэрлінале ў дакумэнтальным кіно, і браць удзел у ім — мара, дасягненьне для любога рэжысэра».
Удзел у IDFA важны таксама, каб у міжнародных колах дакумэнталістаў яшчэ раз асэнсавана прагучала тэма Беларусі, кажа Аляксей.
«Мы рабілі тут ужо традыцыйныя акцыі з партрэтамі беларускіх палітвязьняў перад кожным паказам. Гэта зноў такі крык. Бо мы зараз адчуваем, што фокус зь беларускіх рэпрэсій ссунуўся на сытуацыю на мяжы, а мы яшчэ раз, хто як можа, б’ем у званы, што прайшоў год, а мы маем, да чаго мы прыйшлі».
Аляксей кажа, што беларусы яшчэ шмат гадоў будуць рабіць пратэставае мастацтва.
«Мне падаецца, што ўсё толькі пачалося, гэта толькі крык, а зараз павінны пайсьці і наступныя працэсы — асэнсаваньне, а пасьля крок наперад. Бо спачатку трэба зразумець факты, пасьля крычаць, потым пераасэнсаваць, як ісьці далей, а наступны крок — гэта дзеяньне. І праз 30 гадоў мы яшчэ будзем пра гэта размаўляць, бо нават мой фільм ад пачатку 90-х зьвяртаецца да тых падзей архіўных і сканчаецца ў 2020-м, і трэба ўжо асэнсоўваць, што далей».
Рэчаіснасьць так хутка зьмяняецца, што мы не пасьпяваем гэта асэнсаваць, кажа Аляксей.
«Некалькі месяцаў таму мы зьдзіўляліся, як пасадзілі самалёт, і не маглі сабе ўявіць штосьці яшчэ больш абсурднае, а цяпер на беларускай мяжы адбываецца гандаль людзьмі. Вось паставіць цяпер галяндца ў нашыя ўмовы рэчаіснасьці, і ён ня зможа жыць, бо гэта супраць нармальнай чалавечай лёгікі. А беларусы жывуць, выжываюць, і гэты факт трэба неяк зразумець — як так атрымліваецца, чаму мы прымаем гэтыя ўмовы, а калі не прымаем, то што мы робім? Гэта вельмі цікава для мяне».
8 і 9 сьнежня Courage пакажуць у Эўрапарлямэнце.
«Я ўпэўнены, што большасьць эўрапейскіх палітыкаў думаюць, што яны разумеюць, што адбылося ў Беларусі. Але мне падаецца, што большасьць зь іх насамрэч далёкія ад разуменьня. І таму я чакаю, каб людзі пражылі гэты фільм, тады яны зусім па-іншаму будуць успрымаць сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць, і гэта больш зматывуе іх да новых крокаў. Да мяне падыходзяць людзі і кажуць пасьля паказаў: „Як я памыляўся! Я думаў, што я ведаў і адчуваў нэрв гэтага крызісу, але не. Я зразумеў, што гэта чалавечы крызіс, ня толькі палітычны“. І вось такая рэакцыя штурхнула мяне паказаць фільм у Эўрапейскім парлямэнце для людзей, якія прымаюць вялікія рашэньні і ад якіх залежаць лёсы соцень тысяч людзей».
Яшчэ пра фэстываль IDFA:
Галоўны прыз фэстывалю атрымаў фільм «Спадар Ландсбергіс» украінскага рэжысэра беларускага паходжаньня Сяргея Лазьніцы. Фільм расказвае пра лідэра руху за незалежнасьць Літвы.
Беларуска-расейская стужка пра маскоўскае мэтро «Куды мы едзем», над якой працаваў беларус Руслан Фядотаў, атрымала адразу дзьве ўзнагароды IDFA — за найлепшую работу апэратара і за найлепшы дэбютны поўнамэтраж.