Фільм зьнялі ў 2019 годзе, у сакавіку 2020-га адбыўся перадпрэм’ерны паказ, пазьней пачалі рабіць беларускую вэрсію. Ролю Ледніка адыграў Іван Трус, які пасьля жнівеньскіх падзей 2020 году пайшоў з Купалаўскага тэатру і разам зь сям’ёй паехаў у Санкт-Пецярбург. Ролю Радзівіла Рыбанькі выканаў Віктар Манаеў, Гераніма Радзівіла — Вячаслаў Паўлюць, найміта Ватмана — Дзьмітры Ясяневіч, у карціне можна ўбачыць і яшчэ аднаго былога актора Купалаўскага — Ігара Сігава.
Фільм першапачаткова не плянавалі паказваць у Менску — згадкі пра карціну няма на сайце сталічнага «Відэапракату». Адпаведная старонка на сайце mogilevkino.by выдаленая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабодныя «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачаміВыданьне Zerkalo.io знайшло згадкі пра пракат фільму ў Пінску, Століне і Бабруйску. Але і ў гэтых трох гарадах паказаў ня будзе, фільму няма ў афішы пінскага, столінскага і бабруйскага кінатэатраў. У касе бабруйскага кінатэатру «Мір» чытачу Zerkalo.io пацьвердзілі, што паказаў ня будзе, але прычыны не растлумачылі. Паказы анансавалі таксама ў Віцебску, але ў віцебскай афішы фільму таксама няма. Пружанскі кінатэатар у сторыз інстаграму паведаміў пра адмену паказаў фільму «Авантуры Пранціша Вырвіча». Выдаленая і афіша фільму на старонцы relax.by у Берасьці.
На момант публікацыі ў інтэрнэце немагчыма набыць білет на які-небудзь паказ гэтага фільму.
«Беларусьфільм» выдаліў трэйлер карціны на беларускай мове.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, затрымка з выхадам «Авантур» была зьвязаная з каранавірусам, а таксама зь неабходнасьцю зрабіць дубляж на беларускую мову. Карціну зьнялі ў 2019 годзе, перадпрэм'ерны паказ адбыўся ў сакавіку 2020 году, але пасьля яго карціна так і ня выйшла ў пракат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купалаўцы» запрашаюць на прэм’еру аўдыёспэктакля паводле апавяданьня Ўладзімера Арлова