У Грэцыі ўвялі штомесячны штраф за адмову ад вакцынацыі для людзей старэйшых за 60 гадоў

Улады Грэцыі вырашылі ўвесьці абавязковую вакцынацыю ад COVID-19 для жыхароў краіны старэйшых за 60 гадоў, паведамляе BBC News са спасылкай на заяву прэм’ер-міністра Кірыякаса Міцатакіса.

Як удаклядняе «Настоящее время», першую дозу вакцыны грэкі, старэйшыя за 60 гадоў, павінны атрымаць да 16 студзеня, у адваротным выпадку кожны месяц ім давядзецца плаціць адміністрацыйны штраф у 100 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікрабіёляг пра аптымістычны і пэсымістычны сцэнар са штамам «Омікрон»

«Гэта цана, якую трэба плаціць за здароўе», — пракамэнтаваў рашэньне ўладаў прэмʼер Міцатакіс.

Атрыманыя ад штрафаў грошы будуць акумулявацца ў адмысловым фондзе для фінансаваньня бальніц. Рашэньне аб абавязковай вакцынацыі Міцатакіс растлумачыў тым, што ў бальніцы краіны ў асноўным трапляюць непрышчэпленыя жыхары гэтай узроставай катэгорыі.

Апазыцыйная левая партыя «Сірыза» назвала новаўвядзеньні «карнымі». Як адзначае Reuters, памер сярэдняй пэнсіі ў краіне — 730 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад прэміі да забароны працаваць. Як у Горадні «стымулююць» вакцынацыю


З 11-мільённага насельніцтва Грэцыі цалкам вакцынаваныя 63%. Пры гэтым 520 тысяч грэкаў ва ўзросьце старэйшыя за 60 гадоў не атрымалі прышчэпкі.

Зь лютага 2022 года абавязковую вакцынацыю для ўсіх жыхароў зьбіраецца ўвесьці Аўстрыя. Пакуль у краіне рыхтуюць заканадаўчую аснову для гэтых захадаў. Паводле інфармацыі СМІ, улады разглядаюць магчымасьць штрафаваць тых, хто адмовіцца ад прышчэпкі, на 7200 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі слоўнік Merriam-Webster назваў словам году «вакцыну»