Жанчына адседзела 15 сутак пасьля прыходу на суд над Вольгай Залатар. Пасьля арышту яе ня выпусьцілі і зноў будуць судзіць

Перад судом Фрунзэнскага раёну Менску. Ілюстрацыйнае фота

Сёньня мелася выйсьці на волю 32-гадовая Тацяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада і асудзілі на 15 сутак арышту за «хуліганства ў судзе».

«Вясна» паведамляе, што сваякі і сябры так і не дачакаліся яе вызваленьня. Пазьней стала вядома, што Тацяну з Акрэсьціна завезьлі ў РУУС Фрунзэнскага раёну на «прафіляктычную гутарку». Там ёй паведамілі, што заўтра над ёй павінен адбыцца суд. На якой падставе зноў затрымалі жанчыну — невядома.

Тацяну Батуру затрымалі 15 лістапада ў Мінгарсудзе, калі яна хацела трапіць на першы судовы працэс у справе палітзьняволенай Вольгі Залатар. У Фрунзэнскім РУУСе на яе склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП за хуліганства. На судзе Тацяна заявіла пра зьбіцьцё — яе ўдарылі галавой аб шафу, у шпіталі ёй дыягнаставалі ўдар галавы. Але, нягледзячы на гэта, судзьдзя Марыя Ярохіна арыштавала жанчыну на 15 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяўчыну, якую затрымалі перад судом над Вольгай Залатар, пабілі ў міліцыі і арыштавалі на 15 сутак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Залатар выступіла з апошнім словам: «Маё сэрца рвецца на часткі, павялічваецца колькасьць болю і крыўдаў»