У Чэхіі затрымалі старшыню Беларускай фэдэрацыі футболу

Уладзімер Базанаў

Чэская паліцыя затрымала старшыню Беларускай асацыяцыі футболу Ўладзімера Базанава з жонкай.

Як паведамляюць чэскія СМІ, паліцыя падазрае, што Базанаў і яго жонка прыехалі ў Чэхію на матч паміж чэскай і беларускай жаночымі камандамі, парушыўшы правілы перабываньня іншаземцаў у краіне, у тым ліку правілы, устаноўленыя Міністэрствам аховы здароўя.

Раней міністар замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк , якога цытуе Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, заявіў, што Ўладзімера Базанава дэпартуюць з Чэхіі, калі ён сапраўды там знаходзіцца.

Базанаў, былы вайсковец, знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах краін Балтыі. У адрозьненьне ад Кіпру, дзе Базанаў з жонкай пабываў напярэдадні, Чэхія гэтыя сьпісы падтрымлівае.

Уладзімір Базанаў быў дэпутатам Нацыянальнага сходу двух скліканьняў, з 2010 па 2014 год узначальваў інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх футбалістак станоўчыя тэсты на каранавірус. Матч са зборнай Чэхіі адклалі

Як стала вядома раней Беларускаму фонду спартовай салідарнасьці, футбольны функцыянэр разам з жонкай зьбіраўся наведаць шэраг выязных гульняў жаночай зборнай Беларусі, уключна з матчам у чэскай Опаве. Паводле крыніцы Радыё Свабода, Базанаў меў італьянскую шэнгенскую візу.

Прэсавы прадстаўнік Чэскай футбольнай асацыяцыі (ЧФА) паведаміў журналістам, што УЭФА і Беларуская футбольная фэдэрацыя ўжо зьвярнуліся ў ЧФА з просьбай аб дапамозе, аргумэнтуючы, што Ўладзімір Базанаў прыехаў у Чэхію ў якасьці старшыні спартовай арганізацыі, а ня ў якасьці палітычнага прадстаўніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь на шляху да свабоды». Новая кніга тлумачыць чэхам, што такое сёньняшняя Беларусь