«Для нас гэта азначае значнае расьцягваньне рэсурсаў для абароны мяжы зь Беларусьсю. Гэта адцягвае нашыя сілы і ўвагу», — сказаў Дзьмітро Кулеба ў інтэрвію парталу навін Delfi.
Прэсавая служба Міністэрства замежных спраў Украіны распаўсюдзіла сёньня пераклад гэтага інтэрвію на ўкраінскую мову.
На пытаньне, ці не зьбіраецца ён параіць прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму наўпрост паразмаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам, Дзьмітро Кулеба адказаў: «Вядома, я б не палічыў гэта мэтазгодным, тым больш разумеючы, што галоўныя дырыжоры гэтага міграцыйнага крызісу сядзяць у Крамлі. У любой сытуацыі дыпляматыя прапануе некалькі інструмэнтаў яго разьвязаньня, але кожны кантакт варта ацэньваць з пункту гледжаньня таго, ці не прывядзе ён да легітымізацыі тых, хто ўчыняў супрацьпраўныя дзеяньні супраць мірных пратэстоўцаў у Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Калі Ўкраіна паспрабуе разьвязаць канфлікт з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца»Дзьмітро Кулеба дадаў, што Ўкраіна вымушана ўзмацняць ахову сваёй мяжы на беларускім кірунку ня толькі празь міграцыйны крызіс.
«Мы ніколі не маглі ўявіць, што Расея ўварвецца ва Ўкраіну, мы ніколі ня думалі, што Расея будзе паглынаць Беларусь... Тое, што адбываецца, нават бяз тысячаў мігрантаў на нашай мяжы зь Беларусьсю, так ці інакш прымушае нас мабілізаваць дадатковыя рэсурсы, вайскоўцаў ды паліцэйскіх, што стварае дадатковую нагрузку празь неабходнасьць быць гатовымі да вялікай колькасьці патэнцыйных пагрозаў адначасова. Гэта частка звычайнай ваеннай стратэгіі — калі супраціўнік хоча вас перамагчы, ён робіць так, каб вы распылілі ўсю сваю ўвагу на некалькі праблем адначасова і ня мелі магчымасьці эфэктыўна рэагаваць на асноўную крыніцу пагрозы», — патлумачыў украінскі міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка стаў ахвярай расейскай прапаганды, — ПаротнікаўДзьмітро Кулеба таксама мяркуе, што Эўропа мае рэсурсы, каб папярэдзіць магчымыя агрэсіўныя дзеяньні Расеі і Беларусі.
«Найлепшым спосабам будзе распрацоўка такой санкцыйнай палітыкі, якая б адбіла ахвоту ў Расеі і Беларусі пераступаць праз чырвоныя лініі, а не была б рэакцыяй на іхныя парушэньні. Лепш папярэдзіць злачынства, ствараць умовы, каб яго не маглі ўчыніць, чым спрабаваць спыніць яго ў працэсе. Менавіта такой філязофіяй мае кіравацца Эўрапейскі Зьвяз у дачыненьні да Расеі і Беларусі», — сказаў міністар замежных спраў Украіны.