У выпадку імпічмэнту ў 96-м афіцэры абяцалі закаваць Лукашэнку ў ланцугі

Менск 24 сакавіка 1996, фота Георгія Ліхтаровіча, vytoki.net.

У «Бібліятэцы Свабоды — XXI стагодзьдзе» другім выданьнем выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая прысьвечаная аднаму з найбольш драматычных гадоў найноўшай беларускай гісторыі.

У электронным выглядзе яна выстаўленая на нашым сайце, яе можна спампаваць тут.

Сёньня драматычныя падзеі 1996-га абмяркоўваюць Валянцін Жданко і Сяргей Навумчык. Вядзе дыскусію Сяргей Абламейка.

Навумчык:

  • У 1996 год Беларусь уступіла з новаабраным парлямэнтам, дзе ўжо не было дэпутатаў БНФ, якія пасьлядоўна супраціўляліся ўсталяваньню дыктатуры Лукашэнкі. Я апісваю ў кнізе выбары па акрузе Пазьняка ў Смаргоні, дзе супраць лідэра БНФ былі ўжытыя неверагодныя для таго часу фальсыфікацыі, працавала група КДБ і адміністрацыі прэзыдэнта. У выніку новы Вярхоўны Савет на чале з Шарэцкім, які аказаўся абсалютна непадрыхтаваны да ролі кіраўніка парлямэнту (на той час — другой асобы ў дзяржаве), паўгода шукаў кампрамісу з Лукашэнкам. А ў гэты час Лукашэнка разганяў дубінкамі ўдзельнікаў мітынгаў, якія вясной 96-га выступілі супраць аб'яднаньня з Расеяй, і ўмацоўваў сваю ўладу.
  • Адзін з цэнтральных эпізодаў — гэта просьба Зянона Пазьняка аб палітычным прытулку, якая паставіла ЗША перад выбарам. І зусім не выглядала бясспрэчным, што Белы дом падтрымае Пазьняка, а не Лукашэнку. Проста нагадаю, што яшчэ за два месяцы да таго Лукашэнку з помпай прымалі ў Парыжы. І наданьне лідэру БНФ палітычнага прытулку вымусіла і ЗША, і Эўропу зьмяніць палітыку, прычым кардынальна. І так званы рэфэрэндум ужо ішоў пад пільнай увагай міжнароднай супольнасьці, а Лукашэнка ўжо ўспрымаўся дыктатарам. Між іншым, сёньня я чытаю шмат прэтэнзіяў да Пазьняка, увогуле да актывістаў тагачаснага БНФ — алё ён змагаўся з Лукашэнкам, і на галадоўку ішоў, і людзей на плошчах зьбіраў. А дзе былі вы, тыя, хто тады галасаваў за Лукашэнку, чаму вы выказваеце прэтэнзіі да БНФ? Вы сабе прэтэнзіі прад’явіце!
  • Трэцяя важная тэма 96-га — правал імпічмэнту і рэфэрэндум. Тут галоўным фактарам былі адсутнасьць у кіраўніцтва ВС таго, што я б назваў нацыянальным мысьленьнем. Ельцын паслаў на дапамогу Лукашэнку Чарнамырдзіна і кампанію, і кіраўніцтва ВС выканала тое, што ім рэкамэндавала Масква. І, вядома, абсалютна недапушчальна паводзіў сябе старшыня Канстытуцыйнага суду Ціхіня, які сеў за стол перамоваў з Лукашэнкам, замест таго каб разгледзець зварот дэпутатаў пра імпічмэнт, як таго патрабавала Канстытуцыя.
  • Мне расказваў адзін з кіраўнікоў Вярхоўнага Савету, што вышэйшыя афіцэры казалі: калі вы законна абвесьціце Лукашэнку імпічмэнт, мы прывядзем яго вам у ланцугах (чамусьці не ў кайданках, а нават у ланцугах), я даю гэты эпізод у кнізе.
  • Галоўныя ўрокі з 1995-га — па-першае, Крэмль ніколі ня быў на баку беларускай дэмакратыі і ня будзе, у яго ёсьць свае інтарэсы. Другое — усялякія кампрамісы з Лукашэнкам канчаюцца перамогай Лукашэнкі, бо ён ніколі не выконвае дамоўленасьцяў. Кампрамісы з Лукашэнкам бессэнсоўныя.
  • І, нарэшце, урок для палітыкаў: усё трэба рабіць своечасова, выкарыстоўваць момант сёньня, бо заўтра яго можа і ня быць. І, найхутчэй, ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другое выданьне кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты». Электронная вэрсія

Жданко:

  • Я тады ў якасьці журналіста часта быў у залі Канстытуцыйнага суду, і здавалася, што гэта рэальна, што імпічмэнт можа адбыцца. Тым больш што былі ўсе падставы, юрысты, якія маглі вынесьці гэтае рашэньне. Было сярод палітычнай клясы асэнсаваньне сур’ёзнасьці моманту. Тады здавалася так, але цяпер я разумею, што гэта было немагчыма.
  • Нават калі б вынесьлі рашэньне пра імпічмэнт, яно б не было рэалізаванае. Лукашэнка ўсё роўна застаўся б пры ўладзе. Было шмат фактараў, але самы галоўны — грамадзтва ў той момант не было гатовае да імпічмэнту, да таго, што пераможа не Лукашэнка. Большасьць на той момант, я думаю, падтрымлівалі яго.
  • Асобы, здольнай палітычна супрацьстаяць яму ў той момант, і якая была б здольная яго перамагчы, — не было.
  • Што Шарэцкі, што Ціхіня — гэта былі фігуры, няздольныя супрацьстаяць Лукашэнку. Шарэцкі быў ашаломлены ўвагай да сваёй пэрсоны, а да таго ж ня меў досьведу палітычнай барацьбы і ўвогуле палітычнага досьведу.
  • Нават калі б адбыўся імпічмэнт — хто верыць, што Лукашэнка моўчкі сышоў бы? Што яму замінала сваім указам арыштаваць судзьдзяў Канстытуцыйнага суду? І гэта праглынулі б. У Лукашэнкі ўжо было адчуваньне, што сілай і гвалтам можна дамагчыся ўсяго.
  • Я цьвёрда перакананы ў тым, што грамадзтва на той момант не было гатовае супрацьстаяць аўтарытарызму, і мы былі асуджаныя на гэтыя чвэрць стагодзьдзя жорсткай аўтарытарнай улады. Такі наш гістарычны лёс, так нам, відаць, наканавана было. Людзям у 1995–96-м немагчыма было патлумачыць, да чаго гэта можа прывесьці. Для іх было вельмі складана — гэтае супрацьстаяньне Вярхоўнага Савету і Лукашэнкі, Лукашэнкі і Канстытуцыйнага суду, у чым сутнасьць спрэчак.
  • У той час 100-тысячныя натоўпы ня выйшлі б на вуліцу, нават калі б іх заклікалі самымі палкімі, пераканаўчымі словамі.
  • Але дзеля таго, каб пабудаваць незалежную краіну, напэўна, трэба было прайсьці гэты крыжовы шлях. І перажыць гэты страшны 2020 год, перажыць 2021 год.
  • Грамадзтва зьмянілася, і тое, што мы ўбачылі ў 2020-м на вуліцах Менску (а я быў сярод гэтых людзей), — гэта былі ўжо іншыя людзі. Гэта было ўжо іншае грамадзтва, іншы народ.
  • Калі б сёньня паўтарылася сытуацыя 1996-га, я перакананы, што рэакцыя і вынік былі б іншыя.
  • Яшчэ да тэмы, што гісторыя нікога ня вучыць. Мы цяпер назіраем небясьпечны пэрыяд у гісторыі нашага кантынэнту, мы зноў рэальна гаворым пра небясьпеку вайны. Адышлі пакаленьні, якія самі сядзелі ў акопах, якія баяліся — і новыя палітыкі (у тым ліку Лукашэнка і Пуцін) гавораць пра блізкую вайну як пра нешта зусім рэальнае. «Победобесие», лёзунгі «Можем повторить!» — гэта гучыць увесь час.
  • Выглядае, што кожнае новае пакаленьне павінна рабіць нейкія памылкі, каб зразумець, куды ня трэба ісьці і якія ідэалы трэба адстойваць. На жаль, гэта так. Тым ня менш, гэта не прымяншае працу гісторыкаў, журналістаў, якія фіксуюць і даносяць да новых пакаленьняў праўду пра тое, што з намі адбылося. Інакш нашыя ўнукі ня будуць арыентавацца, хто быў героем, а хто здраднікам у нашай страшнай, часам трагічнай, часам гераічнай гісторыі.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.