Зяленскі заявіў, што расейцы плянуюць пераварот ва Ўкраіне пры дапамозе мільярдэра Ахметава

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што атрымаў інфармацыю спэцслужбаў аб падрыхтоўцы 1-2 сьнежня дзяржаўнага перавароту, нібыта арганізаванага прадстаўнікамі Расеі і ўкраінскім мільярдэрам Рынатам Ахметавым.

«У нас ёсьць ня толькі агентурная, але і гукавая інфармацыя, дзе, скажам так, прадстаўнікі Ўкраіны з прадстаўнікамі Расеі абмяркоўваюць удзел Рыната Ахметава ў дзяржаўным перавароце ва Ўкраіне. Што будзе выкарыстаны адзін мільярд даляраў і гэтак далей», — заявіў Уладзімір Зяленскі на прэс-маратоне ў Кіеве 26 лістапада.

На гэтую падзею змаглі трапіць прадстаўнікі 30 украінскіх і замежных СМІ, якія атрымалі адпаведнае запрашэньне. Папярэдняя акрэдытацыя журналістаў не праводзілася, а сама падзея не анансавалася.

У той жа час украінскі прэзыдэнт мяркуе, што Рыната Ахметава «ўцягваюць у вайну супраць дзяржавы Ўкраіны».

«Лічу, што ён распачаў яе. Лічу, што гэта ягоная вялікая памылка, таму што нельга ваяваць супраць свайго народу і супраць прэзыдэнта, якога выбраў народ Украіны», — дадаў ён.

Уладзімір Зяленскі прапанаваў Рынату Ахметаву прыйсьці ў Офіс прэзыдэнта, каб паслухаць аўдыёзапісы размоў, якія нібыта перахапілі спэцыяльныя службы.

«Лічу, што гэтую інфармацыю мае ведаць украінскае грамадзтва. І яшчэ хачу сказаць, што я не Януковіч. І нікуды ўцякаць не зьбіраюся. І не Парашэнка. На гібелі людзей, Нябеснай сотні... і на бульдозер вылазіць ня буду», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

«Цяпер мне гэта нагадвае сытуацыю на расхістваньне, таму што стабільная сытуацыя ва Ўкраіне нікому не патрэбна. Патрэбна сытуацыя толькі людзям».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хоць каня, хоць шоўмэна. Віталь Портнікаў — пра разгром і алігархаў ва Ўкраіне

Ва Ўкраіне апошні месяц актыўна абмяркоўвацца энэргетычны крызіс і роля Рыната Ахметава ў яго стварэньні. Гэтаму бізнэсоўцу належаць большая частка так званай «зялёнай» энэргетыкі, а таксама цеплаэлектрастанцый, якія працуюць на вугалі і якія не падрыхтаваліся да новага ацяпляльнага сэзону, не закупіўшы ў неабходных аб’ёмах вугальнае паліва.

Апроч таго, кампаніі Рыната Ахметава займаліся пастаўкамі беларускай электраэнэргіі. Экспэрты не выключалі, што гэтыя дзеяньні маглі быць узгодненыя з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны тэрмінова выдзеліў грошы на ўзмацненьне ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю