«БНК-Україна» была заснаваная ў 2010 годзе «Беларускай нафтавай кампаніяй» (56,5338% акцый) і вытворчым аб’яднаньнем «Беларуснафта» (43,4662% акцый). Паводле статуту, кампанія займаецца гуртавым гандлем цьвёрдым, вадкім і газападобным палівам. Сярод іншых сфэраў дзейнасьці — прадстаўленьне ў арэнду офіснага абсталяваньня (у тым ліку кампутараў), розьнічны гандаль палівам, складзкая гаспадарка, транспартныя паслугі, а таксама набыцьцё і продаж нерухомай маёмасьці.
Сёлета 8 лістапада «БНК-Україна» накіравала ў Нацыянальную камісію Ўкраіны па рэгуляваньні ў сфэры дзейнасьці энэргетыкі і камунальных паслуг заяву на атрыманьне яшчэ адной ліцэнзіі — на права ажыцьцяўляць гаспадарчую дзейнасьць па пастаўкам прыроднага газу. Але кампанія так і не змагла атрымаць новую ліцэнзію.
Як адзначаецца ў абгрунтаваньні ўхваленага Нацыянальнай камісіяй рашэньня аб адмове, «згодна з наданай „БНК-Україна“ інфармацыяй, апасродкаваны кантроль над ёй ажыцьцяўляюць юрыдычныя асобы, якія зьяўляюцца рэзыдэнтамі Расейскай Фэдэрацыі». Украінскае заканадаўства забараняе дзейнасьць кампаній-рэзыдэнтаў дзяржаў, якія ажыцьцяўляюць узброеную агрэсію супраць Украіны.
Адначасова ў камісіі зьвярнулі ўвагу, што для паставак прыроднага газу спажыўцам Украіны кампанія мусіць мець адмысловыя будынкі для прыёму і абслугоўваньня спажыўцоў. На афіцыйным сайце кампаніі адсутнічаюць неабходныя для гэтай дзейнасьці дакумэнты і сродкі камунікацыі з атрымальнікамі прыроднага газу.
У той жа час у рашэньні камісіі адзначаецца, што «БНК-Україна» можа зьвярнуцца паўторна па атрыманьне ліцэнзіі, але для гэтага мусіць ліквідаваць усе неадпаведнасьці ўкраінскаму заканадаўству.
Пасьля ўвядзеньня эўрапейскіх санкцый Беларусь істотна павялічыла пастаўкі сыравіннай прадукцыі ва Ўкраіну. Паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, з пачатку года толькі нафтапрадукты складаюць амаль палову ўсяго экспарту зь Беларусі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафтапрадукты — амаль палова ўсяго экспарту зь Беларусі ва Ўкраіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік гендырэктара: «Беларуская нафтавая кампанія» ня мае намеру спыняць пастаўкі бэнзіну А-95 ва ЎкраінуПра тое, што «БНК-Украіна», якая ёсьць буйным замежным беларускім бізнэсам і ўваходзіць у топ-35 найважнейшых кампаній Украіны (да 40% мясцовага рынку нафтапрадуктаў), мае намер дывэрсыфікаваць сваю дзейнасьць, у верасьні заявіў яе генэральны дырэктар Яўген Пасьпелаў.
На міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску ён зазначыў, што існуюць пляны стварыць з «БНК-Украіна» сапраўдную трэйдынгавую структуру. Акрамя клясычных нафтапрадуктаў, «пунктамі апоры» таксама меркавалася зрабіць рынкі электраэнэргіі і прыроднага газу.