Магілёўскага актора Вячаслава Сікору абвясьцілі ў міжнародны вышук

Вячаслаў Сікора, магілёўскі актор і рэжысэр, які пераехаў зь Беларусі ва Ўкраіну

Яго абвінавачваюць у «распальваньні сацыяльнай варожасьці», абразе Лукашэнкі і сілавікоў.

Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, са жніўня па верасень мінулага году Вячаслаў Сікора на сваіх старонках у сацсетках публікаваў відэаролікі, накіраваныя на ўзбуджэньне варожасьці.

У іх актор нібыта абражаў Лукашэнку і сілавікоў, а таксама заклікаў да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньня органам улады.

Магілёўскі актор і рэжысэр Вячаслаў Сікора скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе ўзначальваў арганізацыю праўладнага саюзу моладзі. Пазьней ён працаваў у Польшчы на разьбіраньні машын, у тэатрах Масквы, Менску і Магілёва, на радыё, ствараў дакумэнтальныя стужкі, працаваў дырэктарам Дома культуры Скідзельскага цукровага камбінату, пэдагогам дадатковай адукацыі ў Шчучыне, адкуль яго звольнілі напярэдадні выбараў.

У Шчучыне Вячаслаў разам зь сябрам стварыў музэй СССР, тэатральную і кінастудыю. Са спэктаклямі ўдзельнічаў у розных фэстывалях і быў іх ляўрэатам.
Вячаслаў Сікора ўдзельнічаў у пасьлявыбарных пратэстах і асуджаў гвалт сілавікоў.

Праз пагрозу крымінальнага перасьледу ён пакінуў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб уратавацца, інсцэнізаваў інфаркт», — магілёўскі актор і рэжысэр пра свае ўцёкі ад ФСБ і КДБ ва Ўкраіну