Урад Чэхіі з прычыны рэзкага пагаршэньня сытуацыі з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі абвясьціў пра ўвядзеньне ў краіне надзвычайнага становішча.
Новы рэжым пачынае дзейнічаць у ноч на пятніцу, 26 лістапада, і будзе доўжыцца 30 дзён. Гэты захад дазволіць уладзе ўводзіць абмежаваньні, напрыклад, на перамяшчэньне людзей або на арганізацыю сходаў, якія без рэжыму надзвычайнага становішча, згодна з законам, уводзіць немагчыма.
Таксама чэскі ўрад на экстраным пасяджэньні ўхваліў пакет абмежаваньняў, якія пачнуць дзейнічаць зь вечара пятніцы. У прыватнасьці, урад распарадзіўся, каб рэстараны, бары, а таксама клюбы, дыскатэкі і іншыя ўстановы працавалі толькі да 22-й гадзіны. Забаранілі калядныя кірмашы, ужываць алькаголь на вуліцах. Колькасьць наведнікаў культурных і спартовых імпрэз абмежавалі да тысячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ можа адкрыць межы для вакцынаваных турыстаў у студзені 2022Акрамя гэтага, 25 лістапада стала вядома, што на COVID-19 захварэў прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман, якога раней выпісалі зь лякарні пасьля паўтара месяца лячэньня хранічнай хваробы. 77-гадовы палітык зноў вяртаецца ў лякарню.
На гэтым тыдні ў Чэхіі было зарэгістравана звыш 25 тысяч новых выпадкаў заражэньня каранавірусам за суткі, што склала максымум за ўвесь час пандэміі. У лякарнях краіны з насельніцтвам больш за 10 мільёнаў цяпер знаходзяцца прыкладна 6 тысяч пацыентаў з COVID-19, зь іх у палатах інтэнсіўнай тэрапіі — 850.
Паводле інфармацыі Міністэрства здароўя, 70 працэнтаў хворых у цяжкім стане — гэта людзі, якія ня маюць прышчэпкі ад COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія экспэрты: маскі могуць застацца з намі назаўжды