«Паводле папярэдніх дадзеных, у шахце нікога не засталося жывых. Загінулі 52 чалавекі, уключна з горнаратавальнікамі», — сказаў суразмоўца ТАСС.
Агенцтву «Інтэрфакс» пра больш як 50 загінулых у выніку здарэньня на «Ліствяжнай» паведамілі ў адміністрацыі Белаўскай гарадзкой акругі. Прадстаўнік адміністрацыі адзначыў, што людзі задыхнуліся чадным газам.
На «Ліствяжнай» у чацьвер адбылося задымленьне ў вэнтыляцыйным штрэку на глыбіні 250 мэтраў. Прычынай, паводле дадзеных крыніцы ТАСС, стала загараньне вугальнага пылу ў вэнтыляцыйнай штольні, пасьля чаго дым распаўсюдзіўся па ўсёй шахце.
Увечары 25 лістапада намесьнік генпракурора Расеі Дзьмітры Дзямешын заявіў журналістам, што прычынай надзвычайнага здарэньня на шахце ў Кузбасе, як мяркуецца, стаў выбух мэтану.
Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу аб парушэньні патрабаваньняў прамысловай бясьпекі небясьпечных вытворчых аб’ектаў, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека.
Затрымалі дырэктара шахты, ягонага першага намесьніка і начальніка ўчастку.
- У 2021 годзе праверка рэгіянальнага ўпраўленьня Растэхнагляду выявіла амаль 140 парушэньняў у арганізацыі працы шахты «Ліствяжная». Парушэньні выявілі ў сыстэмах вэнтыляцыі і раньняга рэагаваньня на пажары, паведамляе ТАСС.
- У 2020 годзе на шахце «Ліствяжная» Растэхнагляд выявіў 18 сурʼёзных парушэньняў прамысловай бясьпекі (у тым ліку адсутнасьць на шахце бесьперапыннага аўтаматычнага кантролю газавага пылавога рэжыму — паводле адной з вэрсій, менавіта ўзгараньне пылу прывяло да выбуху і пажару). Аднак пазьней наглядны орган не правяраў выкананьне прадпісаньняў. Таксама пры праверцы высьветлілася, што ў некаторых месцах шахта не была абсталяваная сродкамі пажаратушэньня, а час спрацоўваньня датчыка кантролю мэтану амаль удвая перавышае норму.