Цяпер пачаліся звальненьні ў трупе коласаўцаў, паведамілі Zerkalo.io на ўмове ананімнасьці супрацоўнікі тэатру.
Крыніцы Zerkalo.io пацьвердзілі, што пасьля паказу спэктакля «Ціль» дырэктара тэатру Аляксандра Старых выклікалі ў Менск, дзе яму паведамілі, што зь ім разрываюць кантракт зь 1 сьнежня 2021 году. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі няма.
Акрамя гэтага, паводле інфармацыі выданьня, улады прынялі рашэньне не працягваць кантракты тром акторам, якія гралі ў спэктаклі, таму з 2 студзеня 2022 году яны застануцца бяз працы. Вымушаныя будуць сысьці:
- Анжэла Баркоўская — у Коласаўскім тэатры з 1997 году, вядучы майстар сцэны, сыграла каля 40 роляў у тэатры.
- Юлія Крашэўская — працуе ў тэатры з 1995 году (зь перапынкам на вучобу ў Акадэміі мастацтваў), цяпер выходзіць на сцэну ў двух дзясятках рэпэртуарных спэктакляў.
- Арцём Герак — у тэатры з 2013 году, на гэты момант заняты ў 27 рэпэртуарных спэктаклях.
Толькі Арцём Герак сыграў у спэктаклі «Ціль» адну зь вядучых роляў (выканаў ролю караля Піліпа), Анжаліка Баркоўская і Юлія Крашэўская адыгралі ў гэтай пастаноўцы ролі другога пляну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Коласаўскім тэатры зьнялі з рэпэртуару спэктакль, у якім скандавалі «Жыве Фляндрыя!»Паводле інфармацыі Zerkalo.io, пад пытаньнем лёс яшчэ пецярых актораў тэатру.
Агулам трупа налічвае 40 актораў, так што ў выпадку звальненьняў тэатар можа застацца бязь пятай часткі свайго складу.
Спэктакль «Ціль» паставілі да 95-годзьдзя тэатру. Гэта пʼеса драматурга Рыгора Горына, якую той напісаў на аснове знакамітага рамана бэльгійскага пісьменьніка Шарля Дэ Кастэра «Ціль Уленшпігель» аб барацьбе флямандцаў супраць гішпанскага валадарства ў XVI стагодзьдзі, якая завяршылася вызваленьнем Нідэрляндаў.
На прэмʼерным паказе прысутнічала кіраўніцтва Віцебскай вобласьці, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры: міністар Анатоль Маркевіч і Ірына Дрыга, начальнік галоўнага ўпраўленьня дзяржаўных спэцыяльных культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва. Па словах супрацоўнікаў тэатру, якія расказалі пра гэта на ўмовах ананімнасьці, чыноўнікам спэктакль не спадабаўся.
Нібыта асаблівае раздражненьне ў іх выклікалі выкарыстаньне на сцэне чырвоных стужак і выкрыкі са сцэны «Жыве Фляндрыя!», хоць тэатар нічога не дадаў ад сябе, а проста пераклаў тэкст Горына. Але спэктакль зьнялі з рэпэртуару. Паказ, заплянаваны на 11 сьнежня, адменены, згадка пра спэктакль адсутнічае і на сайце тэатра ў разьдзеле «Рэпэртуар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні працягваюцца масавыя звальненьні актораў тэатру