Сяргей Ціханоўскі напісаў у турме песьню, на яе зьнялі кліп. ВІДЭА

Плякаты ўдзельнікаў «Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку 30 жніўня 2020 году

Верш палітвязьня прысьвечаны барацьбе беларускага народу за вызваленьне ад дыктатуры.

Жонка Сяргея Ціханоўскага палітык Сьвятлана Ціханоўская сказала, што такім чынам яе муж паказаў, што ягоны голас ня ўдасца заглушыць. Ён паўтара года ў зьняволеньні, але ня страціў унутранай свабоды.

«Учора, калі я выступала з прамовай у Эўрапарлямэнце, у турме заканчвалася судзілішча, на якім мой муж прамаўляў сваё „апошняе слова“. Мае словы чуў увесь сьвет, словы Сяргея ня чуў ніхто. Вось што такое быць палітвязьнем і лідэрам для людзей у Беларусі. Але Сяргей Ціханоўскі ня быў бы сабой, калі б не знайшоў выйсьце нават з такой спробы кінуць ягонае імя і голас у нябыт».

Сьвятлана Ціханоўская адзначае, што муж разумее, што ён і тысячы іншых людзей сядзяць у турмах безь віны. Барацьба за дэмакратыю павінна працягвацца, гэтаму і прысьвечана песьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку абвесьцяць 14 сьнежня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія вось „дзіравыя“ санкцыі». Інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай пасьля яе выступу ў Эўрапарлямэнце

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі