23 лістапада Міністэрства абароны Беларусі апублікавала заяву, у якой між іншага гаварылася аб згортваньні яшчэ аднаго канала дыялёгу і прыпыненьні «практычнага супрацоўніцтва» NATO зь Беларусьсю.
У самім альянсе сайту Zerkalo.io патлумачылі, у чым прычына такога рашэньня:
«19 лістапада 2021 году Паўночнаатлянтычная рада пагадзілася прыпыніць усё практычнае супрацоўніцтва паміж NATO і Беларусьсю, цывільнае і вайсковае. Саюзьнікі таксама вырашылі, што дыялёг паміж NATO і Беларусьсю павінен працягвацца па меры неабходнасьці ў інтарэсах бясьпекі саюзьнікаў ці для данясеньня палітыкі і палітычных пазыцый NATO. Саюзьнікі будуць сачыць за разьвіцьцём падзей. Дэмакратычная, сувэрэнная і стабільная Беларусь адпавядае ўсім нашым інтарэсам. Саюзьнікі гатовыя да ўзаемавыгаднага партнэрства зь Беларусьсю ў будучыні, прымаючы да ўвагі палітычныя ўмовы і ўмовы бясьпекі.
Гэта было старанна абдуманае рашэньне. Яно зьвязана ня зь нейкай адной падзеяй, а з мадэльлю паводзінаў беларускага ўраду, якая выклікае непакой. Гэта падарвала рэгіянальную стабільнасьць і прынцыпы, якія ляжаць у аснове нашага партнэрства. Саюзьнікі заклікалі Беларусь захоўваць міжнароднае права, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды. Яны таксама асудзілі непрымальную дывэрсію з цывільным самалётам у траўні 2021 году і выкарыстаньне мігрантаў у якасьці часткі гібрыдных дзеяньняў, накіраваных супраць саюзьнікаў NATO», — гаворыцца ў афіцыйным адказе NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны паведаміла аб прыпыненьні практычнага супрацоўніцтва NATO з Рэспублікай Беларусь23 лістапада Міністэрства абароны Беларусі выступіла з заявай начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл — першага намесьніка міністра абароны Віктара Гулевіча, у якой папярэдзіла пра «гатовасьць рэагаваць на ўзмацненьне вайсковай актыўнасьці на вонкавым контуры дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».
У прыватнасьці, ён заявіў, што «літаральна на днях быў зроблены чарговы недружалюбны крок з боку эўрапейскіх дзяржаў: па ініцыятыве NATO быў згорнуты яшчэ адзін канал дыялёгу і прыпынена практычнае супрацоўніцтва Паўночнаатлянтычнага альянсу з Рэспублікай Беларусь».