Трыццаць адзін мігрант патануў падчас пераправы празь Ля-Манш

За апошнія гады гэта самая буйная трагедыя, зьвязаная са спробай мігрантаў дасягнуць берагоў Брытаніі.

Трыццаць адзін чалавек, у тым ліку пяць жанчын і маленькая дзяўчынка, загінулі ў сераду пасьля таго, як іх гумавая лодка перакулілася пры спробе трапіць празь Ля-Манш з Францыі ў Вялікую Брытанію, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Ля-Манш — адна з самых загружаных суднаходных праток у сьвеце, тут таксама ёсьць моцныя плыні. Перагружаныя лодкі часта ледзьве трымаюцца на плыву і становяцца здабычай хваляў пры спробе мігрантаў дабрацца да брытанскіх берагоў.

Міністар унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманін паведаміў, што на борце знаходзіліся 34 чалавекі, зь якіх 31 загінуў, двое выратаваны і адзін прапаў бязь вестак. «Тых, хто выжыў, двое... але іх жыцьцё ў небясьпецы, у іх моцнае пераахаладжэньне», — сказаў ён.

Па словах Дарманіна, грамадзянства і асобы мігрантаў невядомыя. Ён дадаў, што чатырох гандляроў людзьмі, якія падазраюцца ў датычнасьці да катастрофы, ужо арыштавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ прапануе ўнесьці ў чорны сьпіс транспартных апэратараў, якія спрыяюць незаконнаму перавозу людзей

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сказаў, што памежнае агенцтва Эўрапейскага Зьвязу (Frontex) павінна атрымаць больш грошай для абароны вонкавых межаў ЭЗ, каб прадухіліць прыбыцьце большай колькасьці мігрантаў на паўночныя берагі Францыі.

Ён таксама заклікаў да экстранай сустрэчы міністраў эўрапейскіх краін, каб абмеркаваць праблему.

«Францыя не дазволіць, каб Ля-Манш ператварыўся ў могілкі», — сказаў Макрон.

Па словах рыбакоў, у сераду больш мігрантаў, чым звычайна, пакінула францускае ўзьбярэжжа Ля-Манша, каб скарыстацца спакойнымі марскімі ўмовамі, хоць вада была вельмі халоднай.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Выпаў першы сьнег. Фотагалерэя

Хоць француская паліцыя цяпер прадухіляе больш нелегальных пераправаў празь Ля-Манш, чым у мінулыя гады, яна толькі часткова спыніла паток мігрантаў, якія хочуць трапіць у Вялікую Брытанію. Гэта стала адной з крыніц напружанасьці паміж Парыжам і Лёнданам.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан сказаў, што ён «шакаваны і ўзрушаны» гібельлю людзей.

«Мае думкі і спачуваньні цяпер прысьвечаны ахвярам і іх семʼям... але гэтая катастрофа падкрэсьлівае, наколькі небясьпечна перасякаць Ля-Манш такім чынам», — сказаў Джонсан пасьля таго, як старшыняваў на надзвычайным паседжаньні кабінэту міністраў.

Па словах прадстаўніка мясцовай марской прэфэктуры, да катастрофы, што адбылася ў сераду, сёлета пры спробе дабрацца да Вялікай Брытаніі патанулі 14 чалавек. У 2020 годзе сем чалавек загінулі і двое прапалі бязь вестак, а ў 2019 годзе загінулі чатыры чалавекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курдзкі мігрант памёр у Нямеччыне па прыезьдзе зь Беларусі