Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозьвішчы затрыманых хлопцаў, якіх арыштавалі за тое, што яны ўключылі песьню «Муры» ў машыне пад сьценамі Акрэсьціна. За стырном машыны быў 33-гадовы Руслан Багданоўскі, прозьвішча другога хлопца Канавалаў.
Як апавядаюць былыя сукамэрнікі, 11 кастрычніка хлопцы вырашылі падтрымаць арыштантаў, якія знаходзяцца на Акрэсьціна па палітычных артыкулах, гучна ўключыўшы ў машыне песьню «Разбуры турмы муры». Каля 14:30 яны пад’ехалі да ЦІПу, але прастаялі там нядоўга — адразу падбегла адміністрацыя і яны вымушаны былі зьехаць. Па словах сукамэрнікаў, праз дзьве гадзіны іх ужо затрымалі. Суд пакараў хлопцаў 15-дзённымі арыштамі, але потым на іх зноў склалі новыя пратаколы.
Невядома, ці выйшлі Багданоўскі і Канавалаў на волю. Руслана разам зь сябрам доўгі час трымалі ў розных карцарах у нечалавечых умовах. Дакладна вядома, што з 15 па 25 кастрычніка яны знаходзіліся ў карцары, але сукамэрнікі кажуць, што па другім пратаколе іх таксама кінулі туды. У карцары за гэты час адразу знаходзіліся восем чалавек, і толькі ў адзін дзень іх было чацьвёра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: За ўключаную песьню «Муры» пад Акрэсьціна двух хлопцаў трымалі ў карцары ў нечалавечых умовахЯк расказвае былы арыштант, у карцэры памерам 1,8 на 3,5 мэтра легчы могуць толькі шэсьць чалавек. Пры гэтым звычайна там знаходзіліся адразу восем арыштантаў. Падлога ў карцэры бэтонная, сьвятло заўсёды ўключанае. Цёплыя рэчы арыштантам захоўваць забаронена, таму іх забірае адміністрацыя Акрэсьціна. З сродкаў гігіены — толькі туалетная папера і мыла. Час ад часу ў карцары забаранялася сядзець, таму некалькі разоў арыштантам даводзілася стаяць увесь дзень. «Шмон» там праходзіць тройчы ўдзень і тройчы ўночы.
Адна з жанчын, якая сядзела ў гэты час у сумнавядомай жаночай камэры №15, расказала, што яна з астатнімі жанчынамі чулі «Муры» ў сваёй камэры на трэцім паверсе ЦІПу. Яны адразу кінуліся да акенца з кратамі і заплакалі ад радасьці — думалі, што іх вызваляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» апублікавалі размову, якая абвяргае заяву Лукашэнкі пра зьбітых «байцоў Акрэсьціна» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Воля для Волі: дзяржава помсьціць абаронцы жанчын