ЭЗ прапануе ўнесьці ў чорны сьпіс транспартных апэратараў, якія спрыяюць незаконнаму перавозу людзей

Рыхтуючыся да прыняцьця пятага пакету санкцыяў Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску, Эўрапейская камісія сёньня выступіла з прапановамі ў сувязі зь мігранцкім крызісам на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ.

«У рамках аб’яднанага адказу Эўрапейскага Зьвязу на фінансаваную дзяржавай інструмэнталізацыю людзей на зьнешняй мяжы ЭЗ зь Беларусьсю, Эўрапейская камісія і Вярхоўны прадстаўнік прапануюць сёньня захады дзеля прадухіленьня і абмежаваньня дзейнасьці транспартных апэратараў, якія займаюцца кантрабандай або незаконным перавозам людзей у ЭЗ, або спрыяюць гэтай дзейнасьці. Гэта дадасьць новы інструмэнт у набор сродкаў ЭЗ для падтрыманьня дзяржаваў-удзельніц, якія пацярпелі ад такіх гібрыдных нападаў. Іншыя формы падтрымкі, у прыватнасьці, гуманітарная дапамога павінна суправаджаць любыя захады, ужытыя ў рамках гэтага інструмэнту», — сказана ў афіцыйным паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У санкцыйны сьпіс ЭЗ трапяць турфірмы, якія дапамагаюць мігрантам на польска-беларускай мяжы

Для авіякампаніі «Белавія» заблякуюць магчымасьць лізінгу самалётаў праз кампаніі Эўразьвязу — гэта частка санкцыйнага пакету, распавёў кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, выступаючы ў Эўрапарлямэнце. Мішэль таксама зазначыў, што рашэньне ЭЗ аб пашырэньні санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі «непазьбежнае».

Камэнтуючы прыняцьце прапановаў, старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла:

«Спробы дэстабілізаваць ЭЗ шляхам інструмэнталізацыі людзей не атрымаюцца. ЭЗ адзіны і прадпрымае розныя дзеяньні для вырашэньня сытуацыі на зьнешніх межах ЭЗ зь Беларусьсю. Сёньня мы прадстаўляем новую прапанову ўнясеньня ў чорны сьпіс транспартных апэратараў, якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе або незаконным перавозе людзей у ЭЗ, як я папярэдне абвясьціла два тыдні таму. Мы ніколі не пагодзімся на эксплюатацыю людзей у палітычных мэтах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяты пакет санкцыяў ЭЗ плянуюць прыняць у канцы наступнага тыдня

Паводле Эўракамісіі, апошнія падзеі на мяжы ЭЗ зь Беларусьсю не маглі б адбыцца безь сьвядомага або несьвядомага спрыяньня пэўных транспартных апэратараў эксплюатацыі людзей, што выклікала вялізныя гуманітарныя ахвяры і высокі кошт бясьпекі на зьнешніх межах ЭЗ і стабільнасьці ў рэгіёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Выпаў першы сьнег. Фотагалерэя

У сувязі з гэтым Эўракамісія прапанавала такое рашэньне:
«Дзеля забесьпячэньня таго, каб ЭЗ мела адпаведныя інструмэнты для барацьбы з інструмэнталізацыяй людзей у палітычных мэтах, Камісія прапануе новую прававую базу, якая дазваляе ЭЗ рабіць мэтанакіраваныя захады ў дачыненьні да транспартных апэратараў любога віду транспарту (наземнага, паветранага, унутраных водных і марскіх шляхоў), якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе або незаконным перавозе людзей у Эўрапейскі Зьвяз. Захады будуць прапарцыйнымі і будуць вызначацца ў кожным канкрэтным выпадку. Тып захадаў можа ўключаць:

  • абмежаваньне апэрацый на рынку Зьвязу,
  • прыпыненьне дзейнасьці ліцэнзіяў або дазволаў,
  • прыпыненьне правоў на запраўку або тэхнічнае абслугоўваньне ў межах ЭЗ,
  • а таксама забарону транзыту або палётаў над ЭЗ,
  • забарону тэхнічных прыпынкаў або заходаў у парты ЭЗ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз пашырыў юрыдычныя рамкі прымяненьня санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Апрача захадаў у дачыненьні да транспартных апэратараў, Эўразьвяз прадугледжвае выдзяленьне 700 тысячаў эўра ў якасьці гуманітарнай дапамогі мігрантам, якія апынуліся ў Беларусі. Прадугледжана таксама падтрымка і фінансавая дапамога Польшчы, Літве і Латвіі для ўмацаваньня мяжы і вырашэньня праблемаў з разьмяшчэньнем мігрантаў, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі гэтых краінаў ЭЗ.