NASA запусьціць місію, каб абараніць Зямлю ад астэроідаў

Узьлёт ракеты Falcon 9. Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA мае намер запусьціць адмысловы касьмічны апарат, прызначаны для ўдару аб астэроід дзеля зьмены ягонага курсу, у рамках праверкі стратэгіі ў выпадку, калі б яна некалі спатрэбілася.

22 лістапада NASA абвясьціла, што місію, у якой будзе выкарыстаная ракета Falcon 9, створаная кампаніяй SpaceX Ілона Маска, маюць запусьціць раніцай 24 лістапада з базы касьмічных сіл Вандэнбэрг у Каліфорніі.

Місія атрымала назву DART (Double Asteroid Redirection Test). У рамках яе адмысловы зонд мае пратараніць астэроід, каб зьмяніць яго арбіту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA адкладае запуск новай місіі на Месяц да лютага наступнага году

Мэта місіі — засьцерагчы нашу плянэту ад катастрофы, падобнай да той, якая 66 мільёнаў гадоў таму вынішчыла дыназаўраў. Тады ў выніку сутыкненьня з астэроідам у верхнія пласты атмасфэры ўзьняліся велізарныя аблокі пылу, якія засланілі сонечнае сьвятло, што прывяло да фатальных кліматычных зьменаў.

Зямлю часта «бамбардуюць» дробныя касьмічныя целы, аднак найчасьцей яны не далятаюць да паверхні плянэты і згараюць у атмасфэры. Аднак часам астэроіды бываюць дастаткова вялікія і могуць несьці сур’ёзную небясьпеку.

NASA заявіла, што на цяперашні момант не існуе ніякіх вядомых пагроз для Зямлі. Разам з тым амэрыканскае касьмічнае агенцтва заяўляе, што хоча палепшыць тэхналёгіі для абароны плянэты на будучыню, калі гэта раптам спатрэбіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У панядзелак у Расеі выпрабавалі ракету, якая зьнішчыла свой спадарожнік, утварыўшы тысячы аскепкаў сьмецьця

Плянуецца, што касьмічны карабель ударыцца аб астэроід Дымарфос у кастрычніку 2022 году.

Паводле дадзеных NASA, гэты астэроід не ўяўляе небясьпекі для Зямлі. Агенцтва дадае, што нават пасьля ўдару пагрозы плянэце ня будзе.

У NASA заявілі, што кошт місіі складае каля 330 мільёнаў даляраў.

Эўрапейскае касьмічнае агенцтва заплянавала місію на 2024 год для вывучэньня вынікаў місіі NASA.

Навукоўцы выявілі паблізу Зямлі каля 27 тысяч астэроідаў.