Ва Ўкраіне дэпутат з праўладнай фракцыі прапанаваў заканадаўча забараніць імпарт зь Беларусі

Вярхоўная Рада Ўкраіны. Архіўнае фота

«Першым крокам мусіць стаць тэрміновае вызваленьне 876 палітвязьняў, сярод якіх лідэры, якія маюць падтрымку народу: Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Максім Знак», — напісаў Аляксандар Дануца.

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістравалі праект закону аб эмбарга на пастаўкі тавараў, краінай паходжаньня якіх зьяўляецца Беларусь.

Яго ініцыятарам стаў прадстаўнік праўладнай фракцыі «Слуга народу» Аляксандар Дануца.

У праекце закону прапануецца забараніць падпісаньне дакумэнтаў, на падставе якіх ва ўкраінскіх суб’ектаў гаспадараньня ствараюцца грашовыя абавязаньні перад суб’ектамі гаспадараньня Беларусі.


Пры гэтым у тэксьце праекту закону асобна адзначаецца, што пад абмежаваньні і азабарону ня мусяць трапляць тыя кантракты, дамовы і пагадненьні, падпісаныя раней.

Сам дэпутат патлумачыў, што вядзецца пра забарону ўсіх тавараў (прамысловай прадукцыі, электраэнэргіі і прыродных рэсурсаў) да таго часу, пакуль у Беларусі «ня будзе ўсталяваны дэмакратычны рэжым».

«Украіна ня мае маральнага права падтрымліваць эканоміку дзяржавы, дзеяньні якой на міжнароднай арэне ўжо прыраўнаваныя да тэрарызму. Спадзяюся, што страта рэжымам Лукашэнкі чатырох мільярдаў даляраў на год (пастаўкі ва Ўкраіну зь Беларусі ў першыя паўгода 2021-га склалі 1,9 мільярда даляраў) прымусіць яго перагледзець сваю палітыку. Першым крокам мусіць стаць тэрміновае вызваленьне 876 палітвязьняў, сярод якіх лідэры, якія маюць падтрымку народу: Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Максім Знак», — напісаў Аляксандар Дануца на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле працэдуры, праект закону мусяць спачатку ўхваліць у галіновых камітэтах парлямэнту, і толькі пасьля гэтага дакумэнт на падставе адпаведнага рашэньне пагаджальнай рады (у яе ўваходзяць кіраўнікі фракцый і камітэтаў) можа быць уключаны ў парадак дня сэсіі Вярхоўнай Рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Украіны падтрымаў лібэралізацыю аўтамабільных перавозак зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Кіева скасаваў абмежаваньні на пастаўкі ва Ўкраіну беларускай аўтамабільнай тэхнікі