Канфэрэнцыю арганізавалі фэдэральны канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг і міністар замежных спраў Міхаэль Лінгарт пры ўдзеле Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, паведаміла яе прэс-служба. Паводле Шаленбэрга, Эўропа павінна паважаць барацьбу беларускага народу.
Што заявілі ўдзельнікі канфэрэнцыі па выніках дыскусіі
Аляксандар Шаленбэрг заявіў, што Эўропа павінна мець дыялёг наўпрост з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, быць зьяднанай і ўводзіць сапраўды эфэктыўныя санкцыі супраць дзейных нелегітымных уладаў. Шлях да сапраўдных дэмакратычных выбараў і транзыту ўлады ў Беларусі, на думку канцлера, пракладзе толькі рэальны дыялёг.
На пытаньне пра актыўны аўстрыйскі ўдзел у эканоміцы Беларусі канцлер адказаў, што грошы ідуць прыватным, а не дзяржаўным кампаніям, а таксама Аўстрыя ня хоча біць санкцыямі па людзях, толькі па рэжыме. Аднак у гэтым пытаньні пастаянна адбываюцца дыскусіі з партнэрамі. Акрамя таго, ёсьць асьцярогі, што ў выпадку поўнага згортваньня працы шэрагу кампаній яны будуць проста замененыя ў Беларусі іншымі кампаніямі, якім, магчыма, ня будзе справы да шанаваньня правоў чалавека і іншых базавых пытаньняў.
Па словах Шаленбэрга, краіна працягне, у тым ліку празь міністра замежных спраў Беларусі Макея, дамагацца таго, каб нелегітымныя ўлады селі за стол перамоваў.
Сьвятлана Ціханоўская нагадала пра жахлівыя лічбы палітвязьняў на радзіме, пра забітых і пра тых, хто быў змушаны часова пакінуць краіну.
«Лукашэнку нельга перавучыць. Яму нельга верыць. Дыялёг павінен адбыцца толькі паміж беларусамі, прычым тады, калі выпусьцяць усіх незаконна пасаджаных у турму. Я асобна папрасіла на сёньняшняй сустрэчы палітыкаў зь іншых краін ня мець ніякіх кантактаў з рэжымам, пакуль ён ня выканае нашых патрабаваньняў».
Таксама Ціханоўская адзначыла важнасьць эфэктыўных санкцый супраць атачэньня Лукашэнкі, бо «дыпляматычнай мовы рэжым не разумее».
Эўракамісар Олівер Вархэі паведаміў, што 33 мільёны эўра дапамогі ўжо пайшлі ў розныя сэктары дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ад жніўня, а цяпер Эўропа працягне курс на дапамогу незалежнай журналістыцы, недзяржаўным арганізацыям і іншым сфэрам беларускай незалежнай супольнасьці.
Міхаэль Лінгарт зазначыў, што мігранцкі крызіс ня здолеў адцягнуць увагу эўрапейскіх палітыкаў ад таго, што робіцца ўнутры Беларусі, ніхто не адмовіўся ад курсу на дэмакратычную Беларусь, на спрыяньне вызваленьню краіны. Мэта гэтых захадаў адна — «каб кожны ў Беларусі меў шанец квітнець». Дыпляматычная акадэмія Вены абвясьціла набор 15 маладых беларусаў на праграму навучаньня.
Што казалі ўдзельнікі падчас канфэрэнцыі
Эўракамісар Олівер Вархэі прывітаў беларускую палітычную дзяячку перад пачаткам канфэрэнцыі і перадаў апошнюю інфармацыю пра завоз бясплатных вакцынаў у Беларусь: у справу ўвайшла Сусьветная арганізацыя здароўя, трэба дазьбіраць мільён вакцынаў, і Эўропа ўжо блізкая да гэтага. Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што вакцыны — пытаньне не палітыкі, а жыцьцяў беларусаў.
Міністар замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста падкрэсьліў, што хоць людзі ня могуць цяпер адкрыта пратэставаць, гэта ня значыць, што беларусы ня хочуць перамен. Лукашэнка пры гэтым не жадае ўваходзіць у дыялёг з апазыцыяй, а ключавы пункт для разьвязаньня крызісу — Расея, якая супрацоўнічае з Лукашэнкам і падтрымлівае яго.
Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас заявіў, што Эўразьвяз надалей працуе над санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі: на мінулым тыдні быў прыняты базіс пятага пакету, куды ўвайшлі судзьдзі, пракуроры, асобы са службаў бясьпекі, якія маюць дачыненьне да рэпрэсій. Таксама Эўропа і Нямеччына падтрымліваюць запуск спраў па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, каб спыніць беззаконьне. На саміце Ўсходняга партнэрства павінен прагучаць голас дэмакратычных сілаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутчэй за ўсё, Лукашэнка працягне міграцыйную гульню», — экспэртМіністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў асабліва адзначыў, што беларусы заплацілі вялізную цану за сваю мару, загінулі людзі. Эўропа і ЗША, на думку міністра, павінны быць адзіныя, а санкцыйны сьпіс — шырокі. Ён запэўніў, што міжнародная супольнасьць «ня вернецца ў статус-кво, які быў да выбараў 2020 году».
Намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас зьвярнуў увагу ўдзельнікаў Венскай канфэрэнцыі на тое, што паляпшэньняў у Беларусі так і не адбылося: крызіс на мяжы працягваецца, а беларусаў па-ранейшаму арыштоўваюць і кідаюць у турмы. Рэформу, прапанаваную Лукашэнкам, нельга лічыць канстытуцыйнай, бо яе высунуў нелегітымны дыктатар, а не законны кіраўнік краіны. Зараз, на думку Адаменаса, важна змусіць рэжым размаўляць і перадаваць уладу, а таксама захаваць незалежнасьць Беларусі ад Расеі.
Сьвятлана Ціханоўская ў сваім выступе адзначыла, што трэба працягваць ціск на рэжым, вызваліць усіх зьняволеных з палітычных матываў і не рабіць ніякіх саступак нелегітымнаму Лукашэнку на чале Беларусі. Дыялёг можа пачацца толькі пасьля вызваленьня ўсіх невінаватых.
«Востры гуманітарны і палітычны крызісы ў Беларусі яскрава паказваюць, што сытуацыя далёкая ад стабільнай. Дыктатар, трымаючыся за ўладу, адчуваючы поўную беспакаранасьць, працягвае тэрарызаваць ня толькі беларусаў, але й суседнія краіны. Беларусы ў сваёй краіне не пачуваюцца ў бясьпецы, а Эўропа ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы, пакуль пры ўладзе Лукашэнка.
Вы можаце ўбачыць яго нядаўняе інтэрвію BBC, дзе ён прызнаўся ў масавых катаваньнях і садзейнічаньні кантрабандзе мігрантаў. Ён не здаецца чалавекам, які кантралюе сытуацыю. Больш за тое, ён здаецца няўпэўненым і адчайным, дзейнічае імпульсіўна і эмацыйна, імкнучыся ўсімі сіламі ўтрымацца ва ўладзе. Сёньня гэта кантрабанда мігрантаў — што ён будзе рабіць заўтра?»
Разам з гэтым Ціханоўская выказала шкадаваньне, што чым больш зацягваецца крызіс, тым больш прывабным робіцца вяртаньне да формулаў «бізнэс у звычайным рэжыме» і «Realpolitik».
«Мы бачым гэта з памежным крызісам: рэжым збольшага атрымаў тое, чаго хацеў — пэўную дадатковую легітымнасьць праз узаемадзеяньне. Але мы падкрэсьліваем, што гэта не павінна быць нормай. Няма сэнсу зьвязвацца з рэжымам, бо яму нельга давяраць. Мы таксама бачым, што рэжым спрабуе разбурыць адзінства, якое існавала сярод эўрапейскіх лідэраў дагэтуль».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля амбасады Нямеччыны ў Кіеве патрабавалі новых санкцыяў супраць Лукашэнкі. ФАТАФАКТЦіханоўская заклікала да пасьлядоўнасьці ў патрабаваньнях і дзеяньнях.
«Мы не павінны траціць увагу да выбараў. Рэальныя зьмены могуць прынесьці толькі выбары, а не іх імітацыя. Прапанаваны рэжымам канстытуцыйны рэфэрэндум мае на мэце замарозіць крызіс і ўмацаваць аўтарытарную сыстэму. Два дні таму дэмакратычныя сілы Беларусі прэзэнтавалі сумесную стратэгію правядзеньня так званага рэфэрэндуму. Зараз няма ўмоў для правядзеньня дэмакратычнага рэфэрэндуму, але мы скарыстаем сваё права голасу і пазбавім рэжым якой-кольвечы легітымнасьці».
На думку Ціханоўскай, патрэбная пасьлядоўнасьць санкцыяў — калі яны будуць прынятыя, то павінны быць цьвёрдымі і без «пралазаў», бо «паўмеры толькі шкодныя».
Відэа самой канфэрэнцыі ня будзе дасяжнае ў інтэрнэце, відэатрансьляцыю прэсавай канфэрэнцыі арганізуе офіс канцлера Аўстрыі з 12-й гадзіны мясцовага часу.
Апрача арганізатараў, у канфэрэнцыі бяруць удзел камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Олівер Вархэі, а таксама міністры замежных спраў Славеніі, Нямеччыны, Славаччыны, Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі.
Сярод іншага, на канфэрэнцыі зьбіраюцца ацаніць ролю АБСЭ ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі ў шэрагу пытаньняў, сярод якіх фальсыфікацыі выбараў, гуманітарны крызіс, грубыя парушэньні правоў чалавека, наступствы для рэгіянальнай бясьпекі пасьля згону самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс і адмова ад вяршэнства закону. Чакаецца, што Сьвятлана Ціханоўская выступіць з праграмнай прамовай.
«Правядзеньне міжнароднай канфэрэнцыі такога ўзроўню яшчэ раз падкрэсьлівае, што вырашэньне палітычнага крызісу ў Беларусі зьяўляецца цэнтральным пытаньнем для Эўропы сёньня, — адзначыла Ціханоўская. — Я ўдзячная фэдэральнаму канцлеру Шаленбэргу і міністру Лінгарту за арганізацыю гэтай канфэрэнцыі і садзейнічаньне ў пошуку канструктыўных падыходаў да ўрэгуляваньня крызісу з удзелам дэмакратычных сілаў Беларусі».
Падчас канфэрэнцыі таксама пройдуць тэматычныя дыскусіі з удзелам міжнародных экспэртаў і дыпляматаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Венская канфэрэнцыя па Беларусі пройдзе ў відэафармаце. Ціханоўская зьвярнулася да аўстрыйскіх кампаніяўУлады адмовіліся ўзяць удзел
Раней афіцыйны Менск адмовіўся ад удзелу ў венскай канфэрэнцыі аб Беларусі. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў яе «бясплённай і бессэнсоўнай задумай».
«Больш за тое, мы разглядаем яе як абсалютна недружалюбны крок у дачыненьні да Беларусі. Ніхто з афіцыйных асобаў беларускага боку ў ёй удзелу браць ня будзе. Хай для галачкі яны правядуць гэтую імпрэзу, абмяркоўваючы каторы раз зь вядомымі беглымі апанэнтамі ўлады пэрспэктывы зьмяненьня ўлады ў Беларусі, ня маючы на тое аніякіх сілаў і здольнасьцяў», — заявіў Макей падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Маскве.
Расейскі міністар Лаўроў падтрымаў Макея. Ён сказаў, што «так дыялёг не запускаюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей назваў канфэрэнцыю аб Беларусі ў Вене «бясплоднай і бессэнсоўнай задумай»