Прадстаўнік памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі, камэнтуючы абстаноўку на мяжы, заявіў аб зацікаўленасьці з боку Польшчы ў «актывізацыі двухбаковых кантактаў, у аснове якіх ляжыць прынцып канструктыўнага дыялёгу», — паведамляе БелТА.
«Польскі бок выходзіць з ініцыятывай пошуку адэкватных рашэньняў, у тым ліку з улікам інтарэсаў уцекачоў, якія аказаліся ў крытычнай сытуацыі. Такія кантакты ўжо ёсьць як на ўзроўні памежных упаўнаважаных, так і па лініі апэратыўна-дзяжурных службаў», — сказаў ён, дадаўшы, што беларускі бок адкрыты да супрацоўніцтва.
Паводле начальніка апэратыўна-сытуацыйнага цэнтру Берасьцейскай памежнай групы Сяргея Казлоўскага, абмен інфармацыяй, які «апошнім часам носіць фармальны характар, стаў больш канструктыўным». Так, у суботу ўвечары па ініцыятыве польскага боку адбыўся абмен інфармацыяй па сытуацыі з чэргамі паблізу пункту пропуску «Казловічы» («Кукурыкі»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мары Лукашэнкі ня спраўджваюцца»: хто саступіў?Тымчасам прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ў нядзелю наведаў Эстонію і Літву, каб абмеркаваць крызіс са сваімі калегамі з краінаў Балтыі. Пазьней ён адправіцца ў Латвію.
«Сёньня на ўсходняй мяжы Польшчы мы маем справу з вайной новага кшталту — гібрыднай вайной, у якой мігранты зьяўляюцца зброяй, дэзынфармацыя зьяўляецца зброяй», — сказаў Маравецкі ў Таліне, дадаўшы, што абмяркоўваюцца дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць Менску.
Маравецкі заявіў у Літве, што атрымлівае інфармацыю аб тым, што складаная сытуацыя ў Аўганістане пасьля таго, як талібы захапілі краіну ў жніўні, «можа быць выкарыстана як наступны этап міграцыйнага крызісу».
«Я думаю, тое, што разгортваецца на нашых вачах, гэтыя драматычныя падзеі, могуць быць толькі прэлюдыяй да нечага значна горшага», — дадаў ён.
Матэвуш Маравецкі агучыў гатоўнасць польскага ўраду аплаціць вяртаньне мігрантаў, якія захрасьлі на польска-беларускай мяжы: «Мы гатовыя ў любы момант аплаціць вяртаньне мігрантаў у іх краіны», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы Дуда гаварыў з кіраўніком NATO пра «магчымыя» ваенныя пагрозы на мяжы зь БеларусьсюПольшча і Літва разьлічваюць на далейшую падтрымку з боку Эўрапейскага Зьвязу і NATO.
«Для нас вельмі важна, каб любыя перамовы (зь Беларусьсю) узгадняліся з Літвой, Польшчай і Латвіяй, якія знаходзяцца ў авангардзе гібрыднай атакі, і не прымаліся рашэньні, якія не вырашалі б сытуацыю карэнным чынам», — заявіла прэмʼер-міністар Літвы Інгрыда Сіманітэ.
Міністар замежных спраў Францыі заявіў у нядзелю, што Расеі давялося аказаць ціск на Беларусь, каб пакласьці канец міграцыйнаму крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скончыцца эміграцыйны крызіс — пачнецца наркатычны». Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта пра саступкі Эўрапейскага зьвязу Лукашэнку- Менск, які адмаўляе распальваньне крызісу, ачысьціў лягер для мігрантаў недалёка ад мяжы ў чацьвер і пачаў рэпатрыяцыю некаторых людзей у Ірак, відавочна зьмяніўшы курс у канфлікце, які перарос у буйную канфрантацыю паміж беларускімі ўладамі і Эўропай, нагадвае Reuters.
- Тым ня менш, Польшча заяўляе, што Менск працягвае дастаўляць сотні мігрантаў да мяжы, дзе, як мяркуецца, каля 10 уцекачоў загінулі ад холаду.