Валэнса аб сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю: Эўропа ня можа прыняць мільёны мігрантаў

Лех Валэнса

«Беларусь спрабуе высылаць тысячы ўцекачоў, каб дэстабілізаваць Эўразьвяз», — заявіў былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса італьянскай штодзёнцы «Corriere della Sera».

У інтэрвію, апублікаваным у суботу, Валэнса падтрымаў польскі ўрад, хаця ў краіне ён вядомы як зацяты крытык кіроўнай партыі «ПіС» і прэзыдэнта Анджэя Буды. Былы польскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што заклапочанасьць прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага была апраўданай.

«Эўропа ня можа прыняць мільёны мігрантаў», — падкрэсьліў Валэнса. Ён дадаў, што «галоўнае пытаньне, чаму гэтыя людзі хочуць трапіць» у Эўразьвяз. «Прычына ў тым, што няроўнасьць паміж народамі занадта вялікая», — адзначыў былы кіраўнік Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валэнса — беларусам: дамагацца хлеба трэба праз барацьбу за свабоду, а не наадварот

Кажучы пра ролю Пуціна ў цяперашнім крызісе на мяжы зь Беларусьсю, ён сказаў: «Расея варожа ставіцца да Эўразьвязу, таму што гэта галоўная перашкода яе жаданьню вярнуць страчаныя рэспублікі».

«Мы гэта адчуваем. Аднак мы дакладна ня ведаем, якія мэты ставяць перад сабой Аляксандр Лукашэнка і Пуцін», — ацаніў Валэнса.

Учора групы мігрантаў некалькі разоў спрабавалі сілай прарвацца церазь мяжу. У самай вялікай групе было каля 200 чалавек, у астатніх — некалькі дзясяткаў. Замежнікі былі агрэсіўныя — кідалі камяні, пэтарды і ўжылі сьлезацечны газ, паведаміла польская памежная служба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты кідалі ў польскіх сілавікоў камянямі. Пабілі шыбы, але ў Польшчу ня трапілі