«Пагроза нацбясьпецы». СБУ не патлумачыла, чаму забараніла двум беларускім анархістам уезд ва Ўкраіну

Сядзіба СБУ ў Кіеве

Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла ўезд на тры гады двум беларускім анархістам, Арцёму Маркіну і Алене Вітцы, у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі.

Як адзначаецца ў адказе СБУ на афіцыйны запыт Свабоды, у дачыненьні да Арцёма Маркіна рашэньне аб забароне ўхвалена ў лістападзе 2020-га, а ў дачыненьні да Алены Віткі — у студзені 2021 году.

Ухваляючы рашэньне, СБУ абапіралася на норму, вызначаную другім абзацам пункту 1 артыкула 13 закону Ўкраіны аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства. Ён сфармуляваны наступным чынам: у інтарэсах забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі або аховы грамадзкага парадку ці барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атрымае дапамогу краін Люблінскага трыкутніка і ЭЗ для ўзмацненьня сваіх межаў

На просьбу Свабоды канкрэтызаваць дзеяньні або дзейнасьць, празь якія беларусам забаронены ўезд ва Ўкраіну, Служба бясьпекі паведаміла, што гэтая інфармацыя мае абмежаваны доступ і ня можа разгалошвацца.

Рашэньне аб абмежаваньнях ухваліла Служба бясьпекі. Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны яго выканала, калі Арцём Маркін і Алена Вітка спрабавалі перасекчы ўкраінскую мяжу.

У адказе на афіцыйны запыт Свабоды Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны, спасылаючыся на неабходнасьць абароны пэрсанальнай інфармацыі, паведаміла, што прычыны забароны могуць прадставіць толькі самім беларусам або іхным прадстаўнікам, а таксама «на падставе адпаведнага судовага рашэньня або запыту органу сьледзтва ў межах крымінальнага вядзеньня».

Спэцыяльныя службы Ўкраіны апошнія некалькі гадоў пільна адсочваюць беларускіх анархістаў, якія наведвалі ўкраінскую тэрыторыю ці нават мелі від на жыхарства ва Ўкраіне. Іх затрымлівалі, дэпартоўвалі, пазбаўлялі віду на жыхарства. Практычна ва ўсіх гэтых выпадках беларусы спрабавалі праз суд абскарджваць адпаведныя пастановы, але пасьпяхова заканчваліся толькі адзінкавыя працэсы.

Максім Буткевіч, каардынатар праекту «Бязь межаў»

Каардынатар праекту «Бязь межаў» Максім Буткевіч ня мае пэўнай вэрсіі такой павышанай увагі ўкраінскіх спэцслужбаў да беларускіх анархістаў.

«Вэрсій можа быць шмат, але ніводная зь іх ня мае зараз сур’ёзных доказаў, акрамя банальнай нелюбові спэцслужбаў да анархістаў паўсюль і заўсёды», — сказаў ён Свабодзе.

Што папярэднічала?

На пачатку лістапада стала вядома, што Ўкраіна адмовіла ва ўезьдзе на сваю тэрыторыю беларусу Арцёму Маркіну, а некалькімі месяцамі раней — грамадзянцы Беларусі Алене Вітцы.

У чэрвені 2019-га з Украіны ў Беларусь дэпартавалі Аляксандра Францкевіча, які меў від на жыхарства ва Ўкраіне (ён затрыманы летась у Беларусі).

У тым жа годзе, але ў красавіку, у Кіеўскай вобласьці затрымалі яшчэ аднаго беларуса Артура Кандратовіча. Гэта адбылося на запыт Беларусі, ён дагэтуль пад падпіскай аб нявыезьдзе і працягвае ў судах адстойваць сваё права на атрыманьне статусу ўцекача ва Ўкраіне.

Сёлета ў ліпені пастанову аб выдварэньні атрымаў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі Аляксей Балянкоў. Праз суд яму ўдалося пазьбегнуць высылкі.

Ва ўсіх гэтых выпадках, апроч гісторыі Артура Кандратовіча, ухвалы выносіла Служба бясьпекі Ўкраіны на аднолькавай падставе — у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь з 18 лістапада спыняе пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну