Пасьля беспарадкаў на мяжы выявілі пашкоджаньне інтэрнэт-кабэлю ў польскім кірунку

Падчас беспарадкаў на беларуска-польскай мяжы.

Пашкоджаньне магістральнага інтэрнэт-каналу магло адбыцца праз сытуацыю зь мігрантамі на мяжы.

Праблемы з магістральным інтэрнэт-каналам у бок Польшчы пачаліся пасьля беспарадкаў на памежным пераходзе ў Брузгах.

Як піша Reform.by са спасылкай на свае крыніцы ў гэтай галіне,
быў пашкоджаны магістральны канал Беласток — Горадня міжнароднага магістральнага апэратара сувязі RETN.

Кабэль быў пракладзены ў раёне памежнага пераходу Брузгі — Кузніца і доступ да яго ў цяперашняй сытуацыі немагчымы менавіта ў гэтым раёне. Пэўна, тэхнічныя праблемы зьвязаныя зь цяперашнімі «беспарадкамі» на мяжы.

«Белтэлекам» ужо пракамэнтаваў праблемы з кабэлем:

«У сувязі з пашкоджаньнем кабэлю ў кірунку партнэра ў Польшчы магчымыя цяжкасьці з доступам у сетку інтэрнэт да рэсурсаў „заходняга“ сэгмэнта. Прыносім прабачэньні за прычыненыя нязручнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце кампаніі.

Аб прычынах пашкоджаньня «Белтэлекам» нічога не паведамляе.

Інфраструктура сетак сувязі «Белтэлекам» з краінамі-суседкамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Мігранты сышлі зь лягера каля мяжы. Новы эвакуацыйны рэйс зьнік з раскладу. Што адбываецца 19 лістапада