«Дзявеніскі выступ». Літоўцы зьдзіўленыя, чаму менавіта тут беларускія сілавікі выштурхоўваюць мігрантаў

Дзявеніскі выступ

У так званым Дзявеніскім выступе фіксуецца ўсё больш выпадкаў, калі беларускія сілавікі выштурхваюць мігрантаў у Літву, расказаў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, генэрал Рустамас Любаевас.

Гаворка ідзе пра месца на тэрыторыі Літвы, якое глыбока ўваходзіць углыб тэрыторыі Беларусі, паміж Воранавам, Іўем і Ашмянамі.

«За апошні тыдзень стала больш выпадкаў, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў Беларусі сілай выштурхваюць мігрантаў на ўчастку памежнай заставы імя Гінтараса Жагуніса», —сказаў у чацьвер журналістам кіраўнік памежнага ведамства. За мінулыя суткі больш за 70 мігрантаў спрабавалі трапіць у Літву «якраз праз участак гэтай заставы».

Паводле Любаеваса, у сувязі з сытуацыяй, на гэтай тэрыторыі дысьлякавана больш сіл, у тым ліку і вайскоўцаў.

«Участак адказнасьці гэтай заставы — больш за 100 кілямэтраў. У сілу геаграфічнай спэцыфікі, геаграфічнага становішча і ляндшафту гэтыя парушэньні адбываюцца амаль на ўсім участку. У нас выклікае некаторае зьдзіўленьне жаданьне беларусаў менавіта тут выштурхнуць нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Літвы, бо гэты ўчастак даволі добра кантралюецца», — разважаў Любаевас. Па словах кіраўніка памежнага ведамства, патруляваць у гэтым месцы нескладана, бо «шыйка выступу вельмі добра кантралюецца». — сказаў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. А менавіта празь яе мусяць прайсьці мігранты, каб трапіць далей на Захад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Мігранты сышлі зь лягера каля мяжы. Новы эвакуацыйны рэйс зьнік з раскладу. Што адбываецца 19 лістапада

«І ўчора, і сёньня амаль усе нелегальныя мігранты, якіх выштурхнулі ў Літву, дэкляравалі, што ня хочуць ісьці ў нашу краіну, што яны былі прывезеныя з польскай мяжы і сілай выштурхнутыя беларускімі праваахоўнікамі», — сказаў ён. Паводле яго, сытуацыя стала спакайнейшай, але ўсё яшчэ напружанай.

Дзявеніскі выступ, ці Дзевяніскі апэндыкс, паводле легенды, тлумачыцца тым, што нібыта на мапе, калі ў 1939 годзе чарцілі межы Віленскага краю, які савецкія ўлады перадавалі Літве, ляжала люлька Сталіна і яе ніхто не асьмеліўся ссунуць. У выніку нібыта лінія мяжы паўтарыла абрысы, хаця вядома, што перадача менавіта гэтай тэрыторыі Літоўскай ССР адбылася толькі ў лістападзе 1940 году, ужо ў пэрыяд знаходжаньня Літвы ў складзе СССР.

Сёлета ў Літву трапілі больш за 4,2 тысячы мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Літва і краіны Захаду лічаць, што арганізаваным наплывам мігрантаў Лукашэнка помсьціць за ўжо ўведзеныя санкцыі, зьвязаныя з расправай з апазыцыяй, і называе гэта гібрыднай атакай рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы правёў аналёгію паміж званкамі Лукашэнку і перамовамі з захопнікамі самалёта