Украінскія памежнікі не ўпусьцілі 15 іншаземцаў з Блізкага Ўсходу, якія ехалі ва Ўкраіну зь Беларусі

Украінскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Памежная служба Ўкраіны 18 лістапада завярнула зь мяжы 15 грамадзян з Блізкага Усходу, якія хацелі трапіць ва Ўкраіну зь Беларусі.

Як паведамляе сайт Памежнай службы Ўкраіны, 15 іншаземцаў, якія ехалі рэйсавым аўтобусам зь Менску, спрабавалі перасекчы мяжу ў пункце пропуску ў Чарнігаўскай вобласьці з «больш чым надуманай мэтай паездкі».

Іншаземцы сьцьвярджалі, што едуць ва Ўкраіну з турыстычнымі мэтамі. Тым часам украінскія памежнікі высьветлілі, што іншаземныя грамадзяне прыляцелі ў Менск некалькі тыдняў таму, а адтуль адразу накіраваліся ў Гарадзенскую вобласьць. Цяпер яны нібыта ехалі ў Львоў, але памежнікі не паверылі ў турыстычную мэту паездкі і завярнулі іх назад у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Менску вылецеў першы эвакуацыйны рэйс у Ірак, Варшава выставіла Менску ўльтыматум