Кіраўнік ураду Польшчы: Перамовы зь Менскам пра мігрантаў на руку ўладам Беларусі

Ангела Мэркель і Матэвуш Маравецкі, верасень 2021 г.

Польскі прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі лічыць, што перамовы па ўрэгуляваньні міграцыйнага крызісу непасрэдна з Аляксандрам Лукашэнкам, якога Захад не прызнае законна пераабраным прэзыдэнтам, контрапрадуктыўныя, бо на руку яму.

«Усякія перамовы беспасярэдне з Лукашэнкам легітымізуюць ягоны рэжым», — сказаў Маравецкі на прэсавай канфэрэнцыі ў чацьвер.

Яго заяву прыводзіць польскае агенцтва РАР.

Маравецкі нагадаў, што ён правёў перамовы па гэтай тэме з прэмʼерам Іраку Мустафом аль-Кадзімі і з кіраўніком рэгіянальнага ўраду Ірацкага Курдыстану Масрурам Барзані.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутчэй за ўсё, Лукашэнка працягне міграцыйную гульню», — экспэрт

Раней у чацьвер у ЭЗ выключылі магчымасьць якіх-небудзь маштабных перамоваў зь беларускім бокам вакол сытуацыі зь мігрантамі на мяжы з Польшчай і іншымі краінамі.

«Пытаньне аб перамовах з рэжымам Лукашэнкі на парадку дня не стаіць», — заявіў на брыфінгу прадстаўнік Эўракамісіі Эрык Мамэр.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

Паводле ягоных словаў, увага Брусэлю зараз сканцэнтраваная на дапамозе мігрантам і на вывазе іх на радзіму, а не на такіх кантактах зь Менскам.

Пры гэтым Мамэр растлумачыў, што кантакты зь беларускім бокам усё ж магчымыя, але толькі ў пытаньнях тэхнічнага характару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Беларусьсю і ЭЗ пачынаецца сапраўдны торг, — Карбалевіч пра другую размову Мэркель з Лукашэнкам