Дзяржаўны часопіс сатыры і гумару «Вожык» спыняе выхад. У 2022 годзе ён выдавацца ўжо ня будзе, паведамілі «Радыё Рацыя» ў рэдакцыі часопіса.
Часопіс ня ўнесьлі ў падпісны каталёг на наступны год.
Сёлета часопіс «Вожык» адзначыў 80-годзьдзе. Ён быў спадкаемцам знакамітага баявога выданьня «Раздавім фашысцкую гадзіну». Першыя 13 нумароў газэты-пляката зьявіліся на пачатку ліпеня 1941 году ў Гомлі, бо Менск ужо быў акупаваны гітлераўцамі. Са жніўня 1945 году часопіс «Вожык» выдаваўся па-беларуску ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для мяне было б неганарова выдаць кніжку пад эгідай Саюзу пісьменьнікаў». Рэдактарка «Маладосьці» пра сваё звальненьнеУ «Вожыку» друкаваліся амаль усе вядомыя беларускія пісьменьнікі, у тым ліку Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны. Пры «Вожыку» выдаваліся бібліятэчка, калектыўныя зборнікі сатыры і гумару, пераклады. Зь ім супрацоўнічалі мастакі Анатоль Волкаў, Сяргей Раманаў, Мікалай Гурло, Валянцін Ціхановіч, Рыгор Грамыка і дзясяткі іншых славутых беларускіх мастакоў.
У сьнежні 2017 году «Вожык», які апошнім часам уваходзіў у выдавецкі дом «Звязда», пазбавілі дзяржаўных субсыдый. Гэта адбылося праз тры месяцы пасьля прызначэньня міністрам інфармацыі Алеся Карлюкевіча, які пазьней, у 2020-м, зноў узначаліў выдавецкі дом «Звязда».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як незнаёмыя ў жыцьці дзьве мамы з-пад Штутгарту і з Рагачова ўзяліся за «Жэўжыка» для беларускіх дзяцей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карыкатура пра Беларусь стала першай на міжнародным эўрапейскім конкурсе