Навіны палітвязьняў: аўтамабіль Бабарыкі прадаюць з аўкцыёну

Аўтамабіль Віктара Бабарыкі

Ранкам 18 лістапада ў Беларусі было 868 палітычных зьняволеных, але дадаліся яшчэ пяць чалавек.

Аўкцыён на аўтамабіль Бабарыкі

Аўтамабіль асуджанага на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму Віктара Бабарыкі выставілі на аўкцыён на пляцоўцы «БелЮрЗабесьпячэньне». Ford Fiesta 2015 году прадаюць з пачатковай цаной 17 тысяч рублёў. Таргі павінны адбыцца 2 сьнежня.

Паводле прысуду, на Бабарыку накладзены штраф 5000 базавых велічыняў. Таксама з палітвязьня спагналі звыш 47 мільёнаў рублёў у даход дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайсьці адваката для Бабарыкі будзе вялікай праблемай». Што адбываецца, калі зьняволены застаецца без адваката

5 новых палітвязьняў

Палітвязьнямі прызналі яшчэ пяцёх зьняволеных: гэта Ірына Пярцова, Павал Сакалоў, Кацярына Макарэвіч, Юлія Лабунова і Арцём Латышаў. Іх перасьлед прызнаны праваабаронцамі палітычна матываваным.

Ірына Пярцова, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў прыцягнутыя да адказнасьці і зьмешчаныя пад варту паводле ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства) за пэрформанс, падчас якога на надмагільным крыжы замацавалі таблічку з надпісам «Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч 30.08.1954–30.08.2021» і партрэт Лукашэнкі А.Р. з чорнай стужкай, адкаркавалі бутэльку шампанскага і вылілі зьмесьціва на паверхню магілы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: валянтэрам «Страны для жизни» зладзілі інфармацыйную блякаду