Экс-дарадца Трампа: Варта прапанаваць Лукашэнку вілу на Рывіеры

Джон Болтан на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 29 жніўня 2019 году

Злучаным Штатам варта дамовіцца аб сыходзе Аляксандра Лукашэнкі і прапанаваць яму прыгожую вілу на францускім узьбярэжжы «ці нешта такое», заявіў Джон Болтан, колішні дарадца прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў нацыянальнай бясьпецы, у інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CNBC 17 лістапада.

«Небясьпека ў тым, што калі апазыцыя будзе працягваць пратэсты, для Лукашэнкі, калі ён ня зможа мець свайго аўтарытарнага ўраду ў Беларусі, плянам Б будзе папрасіць Расею дапамагчы. А калі такое здарыцца, сам народ Беларусі можа ўжо ніколі не атрымаць магчымасьці мець свабодны ўрад», —цытуе Болтана CNBC.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Болтан: Крытыка і санкцыі да Лукашэнкі ня заменяць рэальнай стратэгіі адносна Беларусі

«Таму нашай стратэгіяй, я думаю, павінна быць тое, як вывесьці Лукашэнку з улады і знайсьці яму прыгожую вілу на Рывіеры ці нешта такое. Нам варта над гэтым падумаць, бо калі ён запросіць Расею, я ня думаю, што яны потым сыдуць».

Болтан дадаў, што, на ягоную думку, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін хоча зрабіць беларускую тэрыторыю часткай Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель другі раз пагаварыла з Лукашэнкам, мігранты на мяжы ўкленчылі перад палякамі. Што адбываецца 17 лістапада