«Хутчэй за ўсё, Лукашэнка працягне міграцыйную гульню», — экспэрт

Памочнік Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці Юры Караеў раздае цукеркі дзецям-мігрантаў. 17 лістапада

Палітоляг Андрэй Елісееў, дырэктар аналітычнага цэнтру EAST і экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS, адказвае на пытаньне, ці спыніць Лукашэнка міграцыйную гульню пасьля размовы з Мэркель, разважае пра ролю Крамля і вызначае, якая галоўная мэта афіцыйнага Менску ў мігранцкім крызісе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Мэркель і Лукашэнка правялі другую тэлефонную размову

Сьцісла:

  • Крамлю ў нейкай ступені магла належаць сама ідэя крэатыўнай дэстабілізацыі ЭЗ
  • Крэмль хацеў бы павялічыць сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі на пастаяннай аснове ў сьвятле эскаляцыі сытуацыі
  • Пуцін стаў «пасярэднікам» паміж Менскам і Захадам і, так бы мовіць, паквітаўся з Лукашэнкам за ягонае колішняе «пасярэдніцтва» на Данбасе.
  • Пару гадоў таму Лукашэнка гуляў у рэгіянальнага «міратворцу», а цяпер фактычна ўзяўся за «вайнатворчую» місію

— Што гэта было — званок Мэркель Лукашэнку? Улічваючы тое, што беларускія ўлады нібыта пачалі прадпрымаць нейкія крокі нібыта па дээскаляцыі мігранцкага крызісу, адвялі людзей ад мяжы, разьмясьцілі іх у месцах часовага прытулку — ці можна сказаць, што званок канцлеркі дасягнуў сваёй мэты?

— Званок Мэркель быў гуманітарнай акцыяй — спробай уратаваць здароўе і жыцьці мігрантаў, якія апынуліся ў Беларусі, і выведаць, якія патрабаваньні мае Лукашэнка ў вялікай міграцыйнай гульні. Разам з тым я сумняюся, што гэты званок дасягнуў сваёй мэты і што міграцыйная гульня будзе неўзабаве згорнутая бяз рызыкаў для мігрантаў. Бо Лукашэнка выставіў непрымальныя ўмовы да ЭЗ наконт скасаваньня сэктаральных санкцыяў і прызнаньня яго прэзыдэнтам. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка працягне міграцыйную гульню, каб вымусіць сваіх суседзяў плаціць за сваю прадказальнасьць і нестварэньне ім праблемаў. Яшчэ яму выгадная непрадказальная сытуацыя на межах, якую ў кожны момант можна было б напяць, з унутрыпалітычных мэтаў — прынамсі, да правядзеньня рэфэрэндуму і прызнаньня ягоных вынікаў Крамлём.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам, — прэс-сакратар Мэркель

— Ці можна меркаваць, што Мэркель магла гаварыць з Лукашэнкам пра цэлы комплекс праблемаў, напрыклад, пра тых жа палітвязьняў? Бо калі ня так, то атрымліваецца, што мігранцкі парадак дня сапраўды выцесьніў усё астатняе, і пра палітвязьняў нібыта забыліся?

— Сапраўды, можна дапусьціць, што калі Лукашэнка (паводле эстонскай міністаркі замежных спраў) запатрабаваў скасаваньня санкцый, то Мэркель нагадала пра перадумовы ЭЗ у выглядзе вызваленьня палітычных зьняволеных і правядзеньня новых выбараў. Лукашэнка ж, задраўшы стаўкі і ледзь не пагражаючы ваенным канфліктам, вядома, хацеў бы абмяняць адмену санкцый і сваё прызнаньне проста на вырашэньне міграцыйнай сытуацыі.

— Ці можа нейкім чынам зьмяніцца стратэгічна палітыка Эўразьвязу адносна менскага рэжыму? Ці палітыка санкцыяў нязьменная?

— Вельмі малаімаверна, што Эўразьвяз напоўніцу зьменіць сваю пазыцыю ў выніку падобнага вымагальніцтва. Разам з тым Лукашэнка, хутчэй за ўсё, успрыняў званок ад Мэркель як праяву слабасьці і працягне ціснуць на ЭЗ, таму рызыкі для здароўя і жыцьцяў мігрантаў нікуды не зьнікаюць. ЭЗ пастаўлены ў складаную сытуацыю, бо і паддавацца на Лукашэнкавы вымогі, натуральна, ня лічыць мажлівым, але і хацеў бы пазьбегнуць трагічных выпадкаў сярод мігрантаў, асабліва з жанчынамі і малымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся Мэркель і Лукашэнка?

— Калі Менск і сапраўды паабяцаў і зробіць крокі па дээскаляцыі крызісу, то што ён мог запатрабаваць узамен? Ці самога званка ад фраў Мэркель яму было ўжо дастаткова, і гэта ўжо будзе ўспрымацца і падавацца як перамога?

— Асноўны інтарэс Лукашэнкі палягае не ў сымбалізьме прызнаньня яго прэзыдэнтам з боку ЭЗ (хоць гэта яму, безумоўна, і прыемна), а ў практычным, фінансавым пляне. Нягледзячы на пазытыўныя прапагандысцкія воклічы пра нядзейныя і нават карысныя заходнія санкцыі, Лукашэнка як ніхто іншы разумее іхную патэнцыйную шкоду, калі яны запрацуюць напоўніцу. Пагатоў Крэмль наўзамен на падпісаньне новага інтэграцыйнага пакта пакуль не заплаціў і, па ўсім відаць, настойвае на беззваротным і адназначным прызнаньні Крыму расейскім.

— Якая ўсё ж пазыцыя Расеі ў гэтым канфлікце? Крэмль як мінімум ня стрымліваў Лукашэнку — ці на самой справе і разьвіў ягонымі рукамі гэты канфлікт, жадаючы дабіцца пэўных стратэгічных перавагаў?

— Крэмль як мінімум ведаў пра пляны Лукашэнкі, бо сёньняшняя міграцыйная сытуацыя стваралася месяцамі. Крамлю ў нейкай ступені магла належаць і сама ідэя крэатыўнай дэстабілізацыі ЭЗ празь міграцыйны крызіс. Пагатоў Крэмль ужо ствараў падобную сытуацыю сам, хай і ў меншым аб’ёме, у 2015–2016 гадах на мяжы зь Фінляндыяй. Тады на паўночнай фінскай мяжы рэзка павялічылася колькасьць мігрантаў з Блізкага Ўсходу, якія імкнуліся праз Расею. Далей, Крэмль забясьпечвае інфармацыйную падтрымку гэтай сытуацыі; асноўныя прапагандысцкія наратывы пра агрэсіўныя, фашысцкія і адначасова бездапаможныя краіны ЭЗ — такія самыя, як у дзяржаўных беларускіх СМІ.

Але гаварыць пра суцэльную зладжанасьць мэтаў Крамля і Лукашэнкі тут не выпадае. Крамлю цікава дэстабілізаваць краіны ЭЗ і прамацаць іх такой нестандартнай сытуацыяй. Яму таксама хацелася б, каб ЭЗ нават плаціў Беларусі за міграцыйны спакой, каб такім чынам утрыманьне Беларусі хоць часткова перакласьці на заходнія краіны. Па-трэцяе, Крэмль хацеў бы павялічыць сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі на пастаяннай аснове ў сьвятле эскаляцыі сытуацыі.

У Лукашэнкі ж свая партыя ў гэтай гульні. Яму расейская прысутнасьць патрэбная толькі часовая, каб застрашыць Захад. Ён выкарыстоўвае міграцыйны крызіс, каб выбіць з ЭЗ адмену санкцый і прызнаньне — гэта відавочна. Меней відавочна, але ня меней важна тое, што Лукашэнка спрабуе па-майстэрску яшчэ і Крэмль шантажаваць. Маўляў, каб сытуацыя ня выйшла з-пад кантролю, каб я вас не ўцягнуў у вялікі канфлікт з Захадам супраць вашай волі, памажыце грашыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Лукашэнку далі магчымасьць дээскаляваць канфлікт, ня страціўшы твар цалкам

— Званок Мэркель адбыўся пасьля размоваў Пуціна з Макронам. Такім чынам, як бы зафіксавана, што цяпер гаварыць пра нешта з Лукашэнкам можна толькі пры пасярэдніцтве Масквы. Ці зьяўляецца гэта нейкай новай сытуацыяй? І наколькі гэта звужае для Лукашэнкі магчымасьці для самастойнай ад Расеі палітыкі?

— Натуральна, сытуацыя за паўтара года зьмянілася цалкам. Яшчэ нядаўна Лукашэнка быў своеасаблівым «пасярэднікам» паміж Пуціным, з аднаго боку, Мэркель і Макронам, зь іншага, у справе сытуацыі на Данбасе. Цяпер жа Пуцін стаў пэўным «пасярэднікам» паміж імі і, так бы мовіць, паквітаўся з Лукашэнкам за ягонае колішняе «пасярэдніцтва». Таксама паказальна, што яшчэ пару гадоў таму Лукашэнка гуляў у рэгіянальнага «міратворцу», а цяпер фактычна ўзяўся за «вайнатворчую» місію.

Пасыл да суседзяў вельмі просты: каб чаго кепскага ня сталася і каб я вас не сутыкнуў ілбамі, адчапіцеся са сваімі прэтэнзіямі і плаціце за маю прадказальнасьць і свой спакой. Крэмль зараз даціскае Лукашэнку, і выглядае, што мае намер выбіць прызнаньне Крыму наўзамен на далейшую фінансавую падтрымку. Такі крок канчаткова пазбавіць Беларусь незалежнай замежнай палітыкі — Лукашэнка пакуль вельмі адбіваецца ад такой пэрспэктывы, але фінансавыя крыніцы перасыхаюць з кожным месяцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка вядзе адкрыты гандаль з ЭЗ, прама называючы ўмовы». Што пішуць расейскія СМІ пра крызіс на мяжы