Кіраўнік МЗС Літвы: ёсьць рызыка, што Лукашэнка будзе лічыць сябе прызнаным на Захадзе лідэрам

Габрыэлюс Ландсбэргіс

Міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс бачыць рызыку таго, што пасьля размовы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель Аляксандр Лукашэнка стане лічыць сябе прызнаным на Захадзе лідэрам. У той жа час літоўскі прэзыдэнт лічыць, што з Лукашэнкам варта размаўляць, каб вырашыць крызіс.

Кіраўнік МЗС заявіў, што ня бачыць неабходнасьці размаўляць з Лукашэнкам, бо ён адказны за ўзьнікненьне міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

«Аляксандар Лукашэнка можа пачаць лічыць, што ён становіцца прызнаным Захадам лідэрам — як адзін з тых, хто, верагодна, можа вырашаць праблему, хоць ён яе выклікаў. Па праўдзе кажучы, я ня бачу, пра што зь ім гаварыць», — сказаў Ландсбэргіс журналістам у Сэйме ў аўторак.

Кіраўнік літоўскай дыпляматыі падкрэсьліў, што для Лукашэнкі трэба стварыць «сытуацыю ціску». «Калі мы пачнем весьці зь ім перамовы, што самае небясьпечнае, ён адпусьціць 100 чалавек і папросіць новых перамоваў, адпусьціць 50, потым запросіць яшчэ 50. Калі вы памятаеце, у 2012 годзе, калі ішлі перамовы аб вызваленьні палітвязьняў — ён аднаго адпускае, санкцыі мякчэюць, двух саджае — яны зноў уводзяцца. Такі ківач», — растлумачыў літоўскі міністар. Паводле яго словаў, ён даведаўся пра размову Мэркель і Лукашэнкі ўжо пасьля таго, як яна адбылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Эстоніі пра званок Мэркель: Лукашэнка хоча, каб яго прызналі прэзыдэнтам

Між тым прэзыдэнцкае ведамства паведаміла BNS, што кіраўнік дзяржавы Гітанас Наўседа «быў інфармаваны аб гутарцы загадзя».

Наўседа ў аўторак заявіў BBC, што для пераадоленьня міграцыйнага крызісу на мяжы Польшчы і Літвы зь Беларусьсю можна зьвяртацца і да Лукашэнкі. Але на мінулым тыдні прэзыдэнт Літвы ў інтэрвію парталу навін 15min сказаў, што «ЭЗ не размаўляе з кіраўнікамі, якія нелегітымныя».

Званок Мэркель Лукашэнку ў панядзелак стаў першым званком заходняга лідэра ад прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Лідэры ЭЗ не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК Беларусі завёў на польскіх памежнікаў справу «за злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва», палякі таксама вядуць сьледзтва