Двух экс-супрацоўнікаў «Белтэлекаму» будуць судзіць за раскрыцьцё асабістых зьвестак сілавікоў і чыноўнікаў

Белтэлекам

Генэральная пракуратура высунула супраць фігурантаў справы шэраг абвінавачаньняў.

Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да двух былых работнікаў РУП «Белтэлекам». Мужчыны, паводле вэрсіі абвінавачваньня, са жніўня па лістапад 2020 году перадалі адміністратарам тэлеграм-каналаў зьвесткі аб прыватным жыцьці больш як 150 грамадзян: журналістаў, судзьдзяў, работнікаў пракуратуры, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, іншых дзяржслужачых.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, пасьля апублікаваньня асабістых дадзеных на адрас чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама іх блізкіх пачалі паступаць пагрозы прымяненьня гвалту і пашкоджаньня маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 лістапада: 3 гады «хатняй хіміі» за фота з 9 жніўня

Былым супрацоўнікам «Белтэлекаму» інкрымінуюць:

  • незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных;
  • неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй;
  • дапамогу ў распальваньні іншай сацыяльнай варажнечы;
  • гвалт і пагрозу яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
  • умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў;
  • гвалт і пагрозы ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, а таксама іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак;
  • пагроза ў адносінах да судзьдзі.

Аднаму з абвінавачаных таксама ставяць у віну «дапамогу ў перашкодзе законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста».

Абвінавачаныя цяпер пад вартай. Справу перадалі ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля, якога судзілі за камэнтары ў Telegram, будуць лячыць у псыхіятрычным шпіталі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі затрымалі трох чалавек, якія нібыта атрымалі асабістыя дадзеныя меркаваных атрутнікаў Навальнага з ФСБ