Пры гэтым беларускія сілавікі не перашкаджаюць беспарадкам на памежным пераходзе ў Брузгах.
У беларускай арміі ёсьць плян рэагаваньня на любое разьвіцьцё падзей на мяжы, заявіў журналістам міністар абароны Віктар Хрэнін пасьля нарады ў Лукашэнкі аб становішчы на дзяржаўнай мяжы ў аўторак, паведамляе дзяржагенцтва БелТА.
«Намі падрыхтаваныя пляны на ўсе магчымыя варыянты разьвязваньня (канфлікту) або правакацыі, якія могуць праходзіць з боку нашых суседзяў», — сказаў міністар, якога цытуе дзяржагенцтва.
Па словах міністра, у прымежнай тэрыторыі Польшча разьмясьціла групоўку з 23 тысяч вайскоўцаў. Для іх на мяжы абсталявана 13 лягераў. Беларускі бок нарасьціў на мяжы прысутнасьць сіл выведкі, узмацніў ахову межаў і ў паветранай прасторы, гаворыцца ў паведамленьні.
Ноч з 15 на 16 лістапада група зь некалькіх тысяч мігрантаў правяла на беларуска-польскім памежжы ў пункце пропуску. Каля 12:00 гадзіны яны пачалі спробу прарыву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты спрабавалі прарваць мяжу з Польшчай на пераходзе Брузгі — КузьніцаУ чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.