Шольца называюць найбольш імаверным будучым канцлерам Нямеччыны. Ён лідэр сацыял-дэмакратаў, якія набралі на апошніх выбарах больш за ўсіх галасоў.
«Перш за ўсё, трэба дакладна сказаць, што размова ў Беларусі ідзе пра кепскага дыктатара. І ня трэба нічога хаваць, ён страціў усялякую легітымнасьць», — упэўнены Шольц.
Нямецкі палітык выказаўся ў падтрымку пашырэньня Радай ЭЗ крытэрыяў санкцый у дачыненьні да Беларусі і выказаў упэўненасьць, што гэтая мера з боку Эўрапейскага Зьвязу — правільны адказ на дзеяньні Беларусі, дадаўшы, што паведамленьні аб першым зваротным рэйсе зь мігрантамі і ўцекачамі, здаецца, паказваюць, што рашучая рэакцыя эўрапейскай супольнасьці ўжо прыносіць свой плён.
Олаф Шольц таксама падтрымаў Польшчу на фоне крытыкі ў сувязі з умацаваньнем ёй мяжы зь Беларусьсю. Польскія ўлады раней казалі, што маюць намер узьвесьці каля вонкавай мяжы ЭЗ сьцяну ўжо ў першай палове 2022 году.
«Думаю, што калі польскі ўрад прымае такое рашэньне, то ня нам гаварыць, што ён не павінен гэтага рабіць», — заявіў Шольц. Занадта лёгка асуджаць нешта на адлегласьці, не даючы пры гэтым рэцэптаў, як урэгуляваць сытуацыю больш эфэктыўна, зазначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у канцлеры Нямеччыны паабяцаў Лукашэнку жорсткі адказ за шантаж Эўразьвязу