Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб гуманітарнай падтрымцы насельніцтва так званых «ДНР» і «ЛНР». Такое рашэньне, як гаворыцца ва ўказе, прынята «ў мэтах абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, аказаньня гуманітарнай падтрымкі насельніцтву асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны».
Ураду Расеі ў месячны тэрмін даручана зьмякчыць умовы допуску на расейскія рынкі тавараў, якія вырабляюцца ў раёнах, якія кантралююцца сэпаратыстамі. Гэтыя тавары змогуць браць удзел у дзяржзакупках. Таксама ўрад павінен прызнаць сэртыфікаты аб паходжаньні тавараў, якія выдаюць у гэтых раёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Польшчы: Беларускія службы ўначы ламалі агароджу на мяжыУ Крамлі лічаць неабходным спыніць зьніжэньне ўзроўню жыцьця ва ўмовах «эканамічнай блякады і пагаршэньня сытуацыі ў выніку распаўсюджваньня новай каранавіруснай інфэкцыі».
У дакумэнце падкрэсьліваецца, што рашэньне аб аказаньні падтрымкі Пуцін прыняў, «кіруючыся агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага гуманітарнага права».
Журналісты Донбасс.Реалии (праект Радыё Свабода), якія вывучылі «Праграму паскоранага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця тэрыторый на 2022–2024 гады», якая трапіла да іх, высьветлілі, што ў наступныя тры гады Расея выдзеліць на разьвіцьцё «ДНР» і «ЛНР» больш за 900 млрд рублёў (звыш $12 млрд).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У панядзелак у Расеі выпрабавалі ракету, якая зьнішчыла свой спадарожнік, утварыўшы тысячы аскепкаў сьмецьцяМіністэрства замежных справаў Украіны расцаніла гэтыя дзеяньня Расеі як «грубае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Ўкраіны, парушэньне ўкраінскага заканадаўства і нормаў міжнароднага права».
Як адзначаецца ў афіцыйнай заяве, такім чынам Расея зацягвае часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны ў свой эканамічны, палітычны, электаральны і інфармацыйны прастор.
«Падпісаньне ўказу супярэчыць абавязаньням Расеі паводле менскіх дамоўленасьцяў і дамоўленасьцяў у межах нармандзкага фармату, падрывае намаганьні Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны па аднаўленьні прадуктыўнай працы гэтых важных пляцовак для мірнага ўрэгуляваньня».
МЗС Украіны накіраваў з гэтай нагоды адпаведную ноту пратэсту ў МЗС Расеі.