Макрон і Пуцін пагадзіліся наконт дээскаляцыі «міграцыйнай напружанасьці», а Лукашэнка пагутарыў з Мэркель

Мігранты на беларуска-польскай мяжы, 15 лістапада 2021

Прэзыдэнты Францыі і Расеі Эманюэль Макрон і Ўладзімір Пуцін пагадзіліся ў тэлефоннай размове 15 лістапада, што патрэбная дээскаляцыя «міграцыйнай напружанасьці» на мяжы Беларусі з Эўразьвязам.

Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Францыі. Паводле крыніцы, Пуцін і Макрон не прыйшлі да адной думкі наконт прычынаў міграцыйнага крызісу.

Пуцін, адзначае Reuters, таксама пагадзіўся з думкай Макрона, што пагрозы Лукашэнкі спыніць пастаўкі расейскага газу ў Эўропу празь Беларусь зьяўляюцца дрэннай навіной для «Газпрому».

Тым часам дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла са спасылкай на прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі, што 15 лістапада адбылася ягоная тэлефонная размова з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.

Паведамляецца, што ў размове абмяркоўвалі мігрантаў на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ, і, у прыватнасьці, аказаньне мігрантам гуманітарнай дапамогі.

Пазьней прэсавая служба Мэркель пацьвердзіла тэлефонную размову з Лукашэнкам.

«Канцлер і спадар Лукашэнка гаварылі пра складаную сытуацыю на мяжы Беларусі з Эўразьвязам — асабліва пра неабходнасьць гуманітарнай дапамогі для бежанцаў і мігрантаў, якія знаходзяцца там.

Яны дамовіліся працягнуць абмен па гэтых пытаньнях».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 3 тысячы мігрантаў заблякавалі польскі памежны пераход «Кузьніца». Што адбываецца 15 лістапада