Пра перадачу справы ў суд паведамляе Сьледчы камітэт.
Эдуарда Пальчыса вінавацяць па артыкулах:
- арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на правакаваньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
- арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
- арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).
Эдуарда затрымалі ў канцы верасьня 2020-га — яму прысудзілі 30 дзён арышту па арт. 23.34 КаАП. Але з «сутак» ён так і ня выйшаў.
У чым сьледчыя знайшлі віну Пальчыса
«Асноўнай зброяй Пальчыса зьяўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіраваньня сьвядомасьцю натоўпу, схіленьня да заплянаваных злачынных дзеяньняў.
Зьмешчаная яшчэ з 2016 году ў рэсурсах інфармацыя па сваім зьмесце была наўмысна накіраваная Пальчысам на распальваньне сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных службоўцаў, прадстаўнікоў улады.
Адначасова з „затуманьваньнем“ сьвядомасьці грамадзян Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», ‒ гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 481 дзень за кратамі без суду. Каго зь вядомых палітвязьняў яшчэ не асудзілі, і што вядома пра іх справыХто такі Эдуард Пальчыс?
Эдуард Пальчыс — грамадзкі актывіст, які паходзіць зь Ліды, палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». У час знаходжаньня за кратамі ў Эдуарда нарадзілася дачка, ягоная жонка з нованароджаным дзіцём вымушана зьехала за мяжу.
У 2015 годзе Пальчыс ужо праходзіў па крымінальнай справе. Пад псэўданімам Джон Сільвер ён публікаваў на сваім сайце 1863х гістарычныя матэрыялы і артыкулы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У выніку яго арыштавалі ў Расеі і ў траўні 2016-га экстрадавалі ў Беларусь, дзе яму закідалі распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці, а таксама распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.
У канцы кастрычніка таго ж году Менскі гарадзкі суд прызнаў блогера вінаватым і прысудзіў яму 1 год і 9 месяцаў без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. З улікам часу, адбытага ў СІЗА, яму заставалася правесьці пад падпіскай месяц. У 2020 годзе блогер, які не пакінуў сваёй дзейнасьці, зноў апынуўся за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт Менску пра гвалт: Сілавікі спынялі «супрацьпраўныя дзеяньні», а пабітыя грамадзяне «піярыліся»