Рада Эўразьвязу сёньня ўнесла папраўкі ў свой рэжым санкцый з улікам сытуацыі на мяжы ЭЗ зь Беларусьсю, каб мець магчымасьць рэагаваць на інструмэнталізацыю людзей, якая ажыцьцяўляецца беларускім рэжымам у палітычных мэтах.
У рэжым санкцый былі ўнесеныя папраўкі на падставе рашэньня Рады і пастановы Рады ЭЗ, якія пашыраюць крытэрыі, на якіх могуць грунтавацца канкрэтныя вызначальныя рашэньні аб накладаньні санкцый.
Цяпер ЭЗ зможа перасьледаваць фізычных і юрыдычных асобаў, якія арганізуюць або садзейнічаюць дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі, што спрыяе незаконнаму перасячэньню вонкавых межаў ЭЗ.
«Сёньняшняе рашэньне адлюстроўвае рашучасьць Эўрапейскага Зьвязу супрацьстаяць інструмэнталізацыі мігрантаў у палітычных мэтах. Мы спыняем гэтую бесчалавечную і незаконную практыку. У той жа час мы працягваем падкрэсьліваць непрымальныя рэпрэсіі рэжыму супраць уласнага насельніцтва ў сябе дома, якія працягваюцца, і мы будзем рэагаваць адпаведным чынам», — заявіў у сувязі з прынятым сёньня Радай ЭЗ рашэньнем Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times: «На фармаваньне канчатковага сьпісу санкцый неабходна яшчэ некалькі тыдняў»Сёньняшняе рашэньне, гаворыцца у афіцыйнай публікацыі на сайце Эўрапейскай рады і Рады ЭЗ, стала вынікам высноваў Эўрапейскай рады ад 21 і 22 кастрычніка 2021 году, у якіх лідэры ЭЗ заявілі, што яны ня прымуць ніякіх спроб трэціх краін выкарыстоўваць мігрантаў у палітычных мэтах, асудзілі ўсе гібрыдныя атакі на межах ЭЗ і пацьвердзілі, што яны адкажуць адпаведна.
10 лістапада высокі прадстаўнік у зьнешняй палітыцы выступіў з заявай ад імя ЭЗ, у якой рэзка асудзіў рэжым Лукашэнкі за наўмыснае стварэньне пагрозы жыцьцю і дабрабыту людзей і распальваньне крызісу на зьнешніх межах ЭЗ у спробе адцягнуць увагу ад сытуацыі ў Беларусі, дзе «жорсткія рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра санкцыі за міграцыйны крызіс: «Мы будзем абараняцца, нам адступаць няма куды»Мяркуецца, што санкцыі будуць распаўсюджаныя на авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як лічаць у Эўразьвязе, маюць дачыненьне да перапраўкі мігрантаў да мяжы Беларусі з ЭЗ.
Імаверна, пад пэрсанальныя санкцыі трапяць каля 30 беларускіх чыноўнікаў, датычных да крытычнай сытуацыі зь мігрантамі на мяжы.
Гэта будзе пяты пакет санкцыяў Эўразьвязу, папярэднія ўводзіліся ў кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году, а таксама ў чэрвені 2021.
- Сытуацыя на беларуска-польскай мяжы рэзка абвастрылася 8 лістапада. Тады да мяжы зь беларускага боку падышлі некалькі тысяч мігрантаў, якія жадаюць перабрацца ў Эўразьвяз. Памежнікам і вайскоўцам удалося іх спыніць, тыя разьбілі лягер у раёне населенага пункту Кузьніца.
- Улады Польшчы, Латвіі і Літвы, якія сутыкнуліся зь міграцыйным крызісам летам гэтага году, увялі ў раёнах уздоўж мяжы зь Беларусьсю надзвычайнае становішча, таксама было прынята рашэньне аб будаўніцтве капітальнай загароды на мяжы. Аднак гэтыя захады не дапамагаюць. Сотні выхадцаў з Сырыі, Іраку ды іншых краін Блізкага Ўсходу працягваюць спробы перасячы мяжу.
- Улады ЭЗ заяўляюць, што да перакідваньня мігрантаў маюць дачыненьне беларускія сілавікі і сваякі Лукашэнкі, і лічаць тое, што адбываецца, часткай «гібрыднай вайны», якую Беларусь вядзе з ЭЗ. Мігрантаў дастаўляюць у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а на мяжу прывозяць у суправаджэньні сілавікоў. У сувязі з гэтым ЭЗ зьбіраецца прыняць пяты пакет санкцый супраць Беларусі.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».
Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.