Bellingcat анансуе выхад расьсьледаваньня апэрацыі затрыманьня «вагнэраўцаў» у Беларусі

Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў ПВК Вагнэра пад Менскам, ліпень 2020

Міжнародная група дасьледчыкаў Bellingcat заявіла, што абнародуе вынікі расьсьледаваньня затрыманьня пад Менскам у ліпені 2020 году групы з больш чым 30 расейцаў — чальцоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) Вагнэра.

«У пачатку наступнага тыдня будзе апублікаваны наш доўгачаканы даклад пра „Вагнэргейт“, у якім будуць прадстаўленыя падрабязнасьці таго, што прывяло да арышту 33 меркаваных расейскіх наёмнікаў у Беларусі ў ліпені 2020 году», — сказана ў паведамленьні групы.

8 верасьня амэрыканскі тэлеканал CNN агучыў размовы з трыма ананімнымі «былымі высокапастаўленымі асобамі ўкраінскай вайсковай выведкі», якія расказалі, як яны працавалі над падрыхтоўкай апэрацыі па захопу ў палон чальцоў расейскай ПВК Вагнэра.

Камэнтуючы паведамленьне аб няўдалай апэрацыі, прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што «ідэя такой апэрацыі была ідэяй, скажам так, іншых краінаў, дакладна не Ўкраіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве абавязаў Дзяржбюро расьсьледаваньняў завесьці справу супраць Зяленскага за зрыў апэрацыі з «вагнэраўцамі»

29 ліпеня 2020 году ў санаторыі пад Менскам былі затрыманыя 33 грамадзяніны Расеі. Беларускія ўлады заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні выбараў, а Аляксандар Лукашэнка тады назваў затрыманьне расейцаў з ПВК Вагнэра «надзвычайнай падзеяй» і заявіў пра «брудныя намеры» Расеі.

Украіна прасіла выдаць затрыманых баевікоў, бо яны ўдзельнічалі ў баях на Данбасе і ваявалі супраць Узброеных сілаў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка заявіў, што сарваную ў Менску апэрацыю затрыманьня вагнэраўцаў плянавалі падчас ягонага прэзыдэнцтва

Аднак афіцыйна ніякіх абвінавачаньняў ім выстаўлена не было, і праз два тыдні 32 з 33 затрыманых былі вернутыя ў Расею. Яшчэ адзін застаўся ў Беларусі, бо мае і беларускае грамадзянства.

18 жніўня 2020 году ў сацыяльных сетках і ў некаторых СМІ са спасылкай на неназваныя крыніцы паведамлялася, што затрыманых у ліпені ў Беларусі расейскіх наёмнікаў насамрэч плянавалі затрымаць украінскія спэцслужбы, якія праводзілі апэрацыю пошуку і затрыманьня асобаў, датычных да злачынстваў на Данбасе, больш за год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін лічыць, што «вагнэраўцаў» у Беларусі вялі ўкраінскія і амэрыканскія спэцслужбы 

Як паведамляюць СМІ, у прыватнасьці, выданьне «Украінская праўда», пасьля таго, як сілавікі паведамілі аб спэцапэрацыі Офісу прэзыдэнта, яна была сарваная, магчыма, з-за працёку інфармацыі.

Служба бясьпекі Ўкраіны назвала паведамленьне аб удзеле СБУ ў спэцапэрацыі затрыманьня ўдзельнікаў ПВК Вагнэра ў Беларусі фэйкам і інфармацыйным «укідам» і заклікала «не распаўсюджваць чуткі на карысьць недружалюбнай дзяржавы».