Як падае Інтерфакс-Захад, такі заклік утрымліваецца ў камюніке, апублікаваным у суботу ад імя кіраўніка зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Жузэпа Бурэля.
«Крок, накіраваны на ліквідацыю „Мэмарыялу“ — гэта яшчэ адзін выпадак выкарыстаньня расейскага „закону аб замежных агентах“, які і далей звужае прастору для незалежных актывістаў, ставіць перашкоды для гістарычных дасьледаваньняў і крытычных дэбатаў», — адзначаецца ў дакумэнце.
«Мэмарыял» — гэта адна з найстарэйшых у Расеі міжнародна прызнаная НКА, дзейнасьць якой сканцэнтраваная на абароне правоў чалавека і служыць апорай супраць спроб маніпуляваньня гістарычнай памяцьцю. Скасаваньне «Мэмарыялу» стала б незаменна стратай для народа Расеі і ўсёй Эўропы. Улады Расеи павинны адкликаць гэтае рашэньне і спыніць бесьперапынныя нападкі на грамадзянскую супольнасьць«, — гаворыцца ў камюніке.
Напярэдадні сталічная пракуратура ў пазове аб ліквідацыі прызнанага змежным агентам у Расеі праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» указала, што цэнтар дапускае апраўданьне дзейнасьці прыхільнікаў тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый.
У Генпракуратуры Расеі сьцьвярджаюць, што і асьветніцкае таварыства, і праваабарончы цэнтар «ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць з парушэньнем Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі і зь іншымі неаднаразовымі або грубымі парушэньнямі закону ці іншых прававых актаў».
Тым часам стала вядома, што расейская пісьменьніца Людміла Петрушэўская адмовілася ад званьня ляўрэата Дзяржаўнай прэміі на знак пратэсту супраць спроб Генэральнай пракуратуры ліквідаваць праваабарончы цэнтар «Мэмарыял».
«Новая газета», якая паведаміла пра гэта, прыводзіць фрагмэнты заявы Петрушэўскай, апублікаваныя ў фэйсбуку:
«У мяне цяпер адбіраюць Мэмарыял, памяць аб асуджаных і расстраляных, аб кінутых пад грузавік і памерлых галоднай сьмерцю, аб замарожаных у грузавіках па дарозе ад лягера да лягера, аб закатаваных на Лубянцы і на Калыме, аб забітых нядаўна на вуліцах, у вагонзаках і ў мілі-паліцыі. Аб тых, хто сядзіць у зьняволеньні па сфабрыкаваных, фальшывых справах. Аб тысячах такіх зьняволеных, небясьпечных для ўладаў. Няхай на мяне зноў заводзяць справу аб абразе прэзыдэнта. Я адмаўляюся ад званьня ляўрэата Дзяржаўнай прэміі».