Пра гэта Анушаўскас расказаў у эфіры праграмы «Лицом к событию».
«Ёсьць, напэўна, жаданьне гэтую праблему ператварыць у сапраўдны гуманітарны крызіс. Міжнародная супольнасьць, вядома, будзе рэагаваць. Напэўна, Лукашэнка спадзяецца, што калі будзе сапраўдны гуманітарны крызіс, адменяць частку санкцый: дазволяць лятаць „Белавіі“, вывозіць гэтых бежанцаў куды-небудзь», — сказаў Арвідас Анушаўскас.
Міністар абароны таксама расказаў, што мігрантам, якія знаходзяцца на мяжы, не дазваляюць вярнуцца назад беларускія вайскоўцы і памежнікі.
«Беларускае кіраўніцтва арганізавала трафік людзей: легальна, з візамі, прывозяць у Менск, а потым іх перасяляюць на мяжу. Цяпер гэтыя лягеры ахоўваюць ня толькі памежнікі, але і вайскоўцы. Нават у цяперашніх умовах, калі не заўсёды добрае надвор’е, людзей не пускаюць вярнуцца ў Менск ці ў свае родныя краіны. Вайскоўцы ахоўваюць пэрымэтар, не выпускаюць людзей. Калі хто-небудзь неяк высьлізгвае з гэтага пэрымэтру, вайскоўцы іх знаходзяць і вяртаюць назад.Практычна гэта лягер бязь сьцен, бязь нейкага калючага дроту, але ўсё-ткі гэта лягер», — заявіў Анушаўскас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін заявіў, што Польшча гатовая разьвязаць канфлікт, і прыгразіў жорсткім адказам і заступніцтвам Расеі. ВІДЭА- Польская памежная служба заявіла, што ў ноч на 13 лістапада беларускія вайскоўцы ламалі агароджу на мяжы, сьляпілі польскіх памежнікаў лазэрамі і страбаскопамі, і раздалі мігрантам сьлезацечны газ, які тыя пускалі супраць палякаў.
- Напярэдадні мігранты на беларуска-польскай мяжы паспрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы. Яны перасеклі пераход у Кузьніцы, але былі затрыманыя польскім войскам, памежнікамі і паліцыянтамі.
- Некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка паабяцаў аслабіць кантроль за мяжой з прычыны санкцыяў, якія ўвёў Эўразьвяз супраць ягонага рэжыму. У лістападзе сытуацыя абвастрылася, калёны мігрантаў без дазволаў на ўезд у Эўразьвяз некалькі разоў паспрабавалі прарвацца ў Польшчу зь беларускай тэрыторыі, супраціўляючыся памежнікам і вайскоўцам.
- Шматлікія расьсьледаваньні пацьвярджаюць, што мігранты мэтанакіравана запрашаліся ў краіну пры падтрымцы беларускіх уладаў. Менск гэта абвяргае.