Чалавек, які выйшаў з турмы Акрэсьціна, паведаміў, што 20 кастрычніка мужчынская «палітычная» камэра № 13 абвясьціла галадоўку, каб ад іх адсялілі бяздомнага чалавека, паведаміла «Вясна назірае». Праз два дні бяздомніка выселілі з камэры.
Былы вязень расказаў, што на Акрэсьціна працягваюць трымаць «палітычных» у жудасных умовах:
- у 4-месных камэрах сядзіць каля 16 чалавек,
- на падлогу выліваюць раствор хлёркі,
- не аддаюць перадач,
- перадаюць ня ўсе лекі.
«У адной маленькай камэры не адчынялася акно. А калі сядзіць 16 мужыкоў, то па сьценах цячэ кандэнсат і ад нястачы кіслароду баліць галава. Мы прасілі раздатчыцу ежы не зачыняць кармушку, каб хоць крыху паступала паветра. Але яна зачыняла кармушку і казала: „Дыхаць трэба было дома, поскудзь“», — расказаў суразмоўца «Вясны».
Ён таксама сказаў, што быў дзень, калі нікому ў камэры не далі лекаў, у тым ліку хворым на гіпэртанію і дыябэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму жаночая камэра ЦІП на Акрэсьціна абвясьціла галадоўкуПаводле праваабаронцаў, у двухмеснай камэры № 15 у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна зь вечара 3 лістапада галадаюць дзесяць жанчын. Зь сярэдзіны кастрычніка на іх пачаўся ціск. У сувязі з гэтым арыштанткі абвясьцілі галадоўку да выкананьня ўсіх патрабаваньняў:
- вярнуць затрыманым прагулкі;
- вадзіць у душ;
- выключаць у камэрах сьвятло на ноч;
- выдаваць усе неабходныя рэчы згодна з нормамі;
- вярнуць усе рэчы і лекі.
Як стала вядома праваабаронцам, такую дрэнную рэакцыю ў адміністрацыі ізалятару на Акрэсьціна выклікала нядаўняя скарга на ўмовы ўтрыманьня адной з былых арыштантак.
Падчас «шмону» намесьнік начальніка ЦІПу заявіў, што скаргі, якія арыштаваныя пішуць пасьля вызваленьня, «ня дзейнічаюць». Пры гэтым дадаў, што ўмовы ўтрыманьня будуць пагаршацца, каб «адвучыць» пісаць скаргі.
У камэры ўтрымліваліся журналістка Ірына Слаўнікава і палітзьняволеная Анастасія Крупеніч-Кандрацьева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сямʼя менчукоў, якую 9 разоў судзілі на 15 сутак, выехала за мяжу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Мацкевіч у СІЗА піша кнігу, Знак прачытаў 300 кніг, Кабанава перавялі ў ПКТ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За мяне не турбуйся». Што са зьняволенымі вясноўцамі Алесем Бяляцкім, Уладзем Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам