Пуцін і Мэркель абмеркавалі востры міграцыйны крызіс на межах Беларусі з ЭЗ

Ангела Мэркель

Адбылася тэлефонная размова прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна з выканаўцай абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелай Мэркель, паведаміла прэс-служба Крамля.

«Працягнута абмеркаваньне сытуацыі на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Пацьверджана важнасьць больш хуткага ўрэгуляваньня ўзьніклага вострага міграцыйнага крызісу — у адпаведнасьці зь міжнароднымі гуманітарнымі нормамі», — цытуе паведамленьне Інтэрфакс-Захад.

Як зазначаюць у прэс-службе, Пуцін «выказаўся на карысьць аднаўленьня кантактаў паміж дзяржавамі ЭЗ і Беларусьсю ў мэтах вырашэньня гэтай праблемы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель патэлефанавала Пуціну абмеркаваць міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЭЗ

Напярэдадні Пуцін і Мэркель правялі тэлефонную размову, падчас якой абмяркоўваўся, сярод іншага, міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ. Пасьля гэтага СМІ паведамілі пра тое, што Мэркель запрасіла яшчэ адзін тэлефонны званок Пуціну.

Як паведаміў напярэдадні афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфэн Зайбэрт, Мэркель у размове з Пуціным у сераду папрасіла Пуціна паўплываць на Менск у сувязі з сытуацыяй зь бежанцамі на беларускай мяжы. «Размова ішла пра актуальную сытуацыю на беларуска-польскай мяжы. Канцлер падкрэсьліла, што выкарыстаньне беларускім рэжымам мігрантаў супраць Эўрапейскага Зьвязу — бесчалавечнае і зусім непрымальнае, і папрасіла расейскага прэзыдэнта паўплываць на рэжым у Менску», — паведаміў Зайбэрт.

«Паводле ацэнкі нямецкага ўраду, расейскі ўрад мае пэўны ўплыў на беларускі рэжым, на беларускі ўрад. Перамовы з прэзыдэнтам Пуціным — гэта перамовы з тым, да каго прыслухоўваюцца ў Менску», — сказаў Зайбэрт журналістам у Бэрліне ў сераду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржаўны гандаль людзьмі», «Мы сталі ідыётамі Пуціна і Лукашэнкі». У якіх выразах заходнія палітыкі камэнтуюць мігранцкі крызіс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў ЭЗ перакрыць трубаправод Ямал — Эўропа і загадаў падкінуць дроў мігрантам на мяжы