Лукашэнка даручыў Міністэрству абароны, КДБ і Памежнаму камітэту кантраляваць перамяшчэньне войскаў NATO і Польшчы ля межаў Беларусі.
«Міністэрству абароны, КДБ, памежным войскам забясьпечыць кантроль за перамяшчэньнем войскаў NATO і Польшчы. Вы бачыце, што 15 тысяч ужо вайскоўцаў, танкі, бранятэхніка, верталёты паляцелі з самалётамі. Яны падцягнулі да нашай мяжы, прытым нахабна, не папярэдзіўшы нікога», — цытуе Лукашэнку БелТА.
- Сытуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы ўскладнілася ў панядзелак, 8 лістапада, калі да польскай мяжы зь беларускага боку прыйшлі тысячы мігрантаў. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
- 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
- Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу.
- Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
- Выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель 10 лістапада правяла тэлефонную размову з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, папрасіўшы яго паўплываць на Менск у сувязі з сытуацыяй зь мігрантамі на мяжы Польшчы і Беларусі.
Новыя санкцыі супраць Беларусі зьбіраюцца ўвесьці на пачатку наступнага тыдня.
Пра гэта заявіла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.
«Мы разгледзім магчымасьць прымяненьня санкцый да тых авіякампаній, якія садзейнічаюць гандлю людзьмі (human trafficking) у кірунку Менску і мяжы паміж ЭЗ і Беларусьсю», — дадала яна.
Лукашэнка пагражае закрыцьцём трубаправоду Ямал — Эўропа
Лукашэнка ў адказ на намер Эўразьвязу і ЗША пашырыць санкцыі заявіў, што заходнім палітыкам трэба «думаць перад гэтым», піша Інтэрфакс-Захад. Таксама ён прыгразіў перакрыць у выпадку закрыцьця межаў зь Беларусьсю газаправод Ямал — Эўропа, матываваўшы гэта тым, што ня спыніцца ні перад чым дзеля «абароны сувэрэнітэту».
«Мы абаграваем Эўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамэндаваў думаць перш, чым гаварыць».
Аднак апошнім часам сама Расея зьмяншае пастаўкі ў Эўропу па гэтым трубаправодзе, паколькі зьявіўся іншы — «Паўночны паток – 2», які ідзе ў абыход Беларусі.
У чым Польшча вінаваціць Лукашэнку?
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер. Урад праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца ў тры наступныя тыдні.
Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.
Рэакцыя ЗША
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у сераду, што Злучаныя Штаты «рашуча пярэчаць» «ідэі выкарыстаньня Беларусьсю міграцыі ў якасьці зброі» супраць суседніх дзяржаваў.
Ён падкрэсьліў, што ЗША будзе ціснуць на рэжым Лукашэнкі, пакуль ён «адмаўляецца выконваць свае міжнародныя абавязаньні ці абяцаньні, падрывае сваімі дзеяньнямі мір і бясьпеку ў Эўропе і працягвае рэпрэсіі і парушэньні грамадзянскіх правоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя спробы прарыву мяжы і эўрапейскія санкцыі. Мігранцкі крызіс: што адбываецца 11 лістападаПаводле яго слоў, у лягер мігрантаў нібыта спрабуюць перакінуць зброю і боепрыпасы, каб справакаваць канфлікт. Ён даручыў міністэрству замежных спраў «жорстка ўздымаць адпаведныя пытаньні» ў ААН і іншых міжнародных структурах.
Таксама Лукашэнка даручыў дадаткова зьвярнуць увагу на дапамогу мігрантам на мяжы, у прыватнасьці забясьпечыць іх дровамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты апавядаюць пра жорсткае абыходжаньне з боку беларускіх і польскіх памежнікаў. ВІДЭАМіграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.