Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што расейскія звышгукавыя стратэгічныя бамбавікі-ракетаносцы Ту-160, якія ўчора патрулявалі межы Беларусі, зноў зьявіліся ў беларускім небе.
Ведамства заяўляе, што палёты стратэгічнай авіяцыі Паветрана-касьмічных сіл Расейскай Фэдэрацыі ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь будуць праводзіцца на рэгулярнай аснове:
«Так, цяпер два звышгукавыя стратэгічныя бамбавікі-ракетаносцы Ту-160 адпрацоўваюць шэраг вучэбна-баявых задач, у тым ліку імітацыю кіданьня бомбаў на авіяцыйным палігоне «Ружанскі» без прымяненьня авіяцыйных сродкаў паражэньня.
Адначасова зьнішчальная авіяцыя беларускіх ВПС вырашыла задачу ў іх умоўным перахопліваньні і цяпер забясьпечвае суправаджэньне ў маршруце палёту.
Праверка дзяжурных сілаў, якія ўваходзяць у склад адзінай рэгіянальнай сыстэмы ППА саюзнай дзяржавы, а таксама задачы, якія вырашаюцца, сьведчаць аб гатоўнасьці і рашучасьці Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі гарантаваць ваенную бясьпеку саюзнай дзяржавы ў любых умовах абстаноўкі як у паветры, так і на зямлі»,— паведамляе Мінабароны Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс: расейскія бамбавікі пачалі патруляваць беларускія межыМіністэрства абароны Беларусі 10 лістапада пісала:
«Гэта меры адэкватнага рэагаваньня на становішча, што складаецца як у паветры, так і на зямлі», — адзначыла Мінабароны Беларусі ў паведамленьні прэсавай службы.
Да таго ж уздоўж мяжы з Эўразьвязам беларускія ўлады павялічылі колькасьць дзяжурных сілаў супрацьпаветранай абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя спробы прарыву мяжы і эўрапейскія санкцыі. Мігранцкі крызіс: што адбываецца 11 лістапада