Польскія памежнікі ўчора, 10 лістапада, зафіксавалі 468 спробаў пераходу мяжы мігрантамі. 42 уцекачам выдалі пастановы пра выезд з тэрыторыі Польшчы. Гэта значыць, калі яны ня просяць прыстанішча ў Польшчы, іх вяртаюць на мяжу.
Уначы каля 150 мігрантаў гуртам спрабавалі сілай прарвацца празь мяжу, паведаміў намесьнік кіраўніка МУС Польшчы Барташ Градэцкі ў эфіры polsatnews.pl
У Літву за ноч спрабавалі трапіць 35 мігрантаў, іх не прапусьцілі літоўскія памежнікі, перадае LRT. Памежнікі выявілі таксама дзьве групы з 30-40 мігрантаў пры мяжы. Прынамсі адна зь іх аточаная беларускімі сілавікамі.
Паводле міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса, каля літоўскай мяжы зь беларускага боку можа быць больш як тысяча мігрантаў.
У Латвіі ўчора спынілі 21 спробу парушэньня мяжы мігрантамі зь беларускага боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя спробы прарыву мяжы і эўрапейскія санкцыі. Мігранцкі крызіс: што адбываецца 11 лістапада